18 студэнтаў - фігуранты крымінальнай справы


«У камеры незалежна ад сітуацыі яна хоча добра выглядаць, таму ў нас большасць – касметыка», – кажа Ульяна.

Яна ды Паліна збіраюць перадачу сваёй сястры Марыі Каленік у менскі следчы ізалятар. Дзяўчына ўжо другі тыдзень за кратамі. Яе затрымалі на вуліцы і ў той жа дзень прыйшлі да яе дамоў з ператрусам.

«Пайшлі адразу ў пакой Машы, пачалі ўсё абшукваць, так. Узялі ўсё з яе камп‘ютара, флэшкі і гэтак далей», – кажа Ульяна, сястра Марыі Каленік.

Марыя вучылася ў Акадэміі мастацтваў, брала ўдзел у студэнцкіх акцыях пратэсту. Дзяўчына вывучае дызайн і амаль увесь вольны час прысвячала гэтаму. З няволі яна піша кранальныя радкі. Сёстры кажуць, што Марыя ні аб чым не шкадуе і трымаецца бадзёра.

«Ела яна прасяную кашу, гэта ўласна ўсё, што мы ведаем пра ейны рацыён. Я так разумею, ім не дазваляюць шмат што пісаць і пра ўмовы ў тым ліку«, – кажа Паліна Маслова, сястра Марыі.

У адзін дзень з Марыяй затрымалі яшчэ дзевяць студэнтаў. Сярод іх і Ілля Трахтэнберг з механіка-матэматычнага факультэту БДУ. Да хлопца таксама прыйшлі дадому і зладзілі ператрус.

«Вынялі смартфон, вынялі ноўтбук, усё запакавалі, перапісалі. Усё астатняе іх па сутнасці не цікавіла, цікавіла непасрэдна аргтэхніка. Сказалі, што трэба ўдакладніць нейкія дэталі, вельмі клапатліва нагадалі, каб ён не забыў узяць нейкі пакет, каб ён туды мог пакласці рэчы, калі назад паедзе», – кажа Віталь Трахтэнберг, бацька Іллі.

Але назад сын так і не вярнуўся. На наступны дзень бацьку паведамілі, што Ілля застаецца на два месяцы пад вартаю. Хлопец вучыўся на другім курсе ўніверсітэту, атрымліваў падвышаную стыпендыю і гуляў у інтэлектуальную гульню «Што? Дзе? Калі?». Таксама Ілля піша музыку і цікавіцца архітэктураю. Аднак адпаведныя кнігі для яго ў ізалятары пакуль не прымаюць.

«Адчувае сябе добра, усё трохі па-іншаму, але асвоіўся. У камеры там ужо больш чалавек, чым у СІЗА КДБ. Піша, што няма ліміту на колькасць перадач», – кажа Віталь Трахтэнберг, бацька Іллі.

Ілля Трахтэнберг – адзіны вядомы студэнт, якога адлічылі з БДУ. Тым часам з іншых універсітэтаў з пачатку навучальнага года маладзёнаў адлічалі актыўна.

Агулам прынамсі 138 асобаў змусілі забраць дакументы з універсітэтаў за грамадзянскую пазіцыю. Лідаруе паводле колькасці адлічэнняў БНТУ: адтуль выгналі больш за паўсотні студэнтаў. Два дзясяткі студэнтаў страцілі месца навучання ў медычным універсітэце, чатырнаццаць – у лінгвістычным.

Крымінальны пераслед зазналі 18 студэнтаў ці сябраў студэнцкіх арганізацыяў, 17 з іх застаюцца за кратамі. Яшчэ прынамсі 90 студэнтам быў прысуджаны адміністратыўны арышт.

«Гэтыя затрыманні паказваюць адное: у студэнцкім руху няма ўмоўных лялькаводаў, ці завадатараў, ці яшчэ кагосьці. Студэнцкі рух жыве за кошт самаарганізацыі: вы забіраеце аднаго чалавека – на ягонае месца прыходзяць яшчэ трое», – кажа Дар‘я Рублеўская, сябра Рады ЗБС.

Таксама Дар’я заўважае: затрыманні адбываюцца незалежна ад ступені пратэставасці ўніверсітэту. І нават у адным з самых непратэставых, сталічным педагагічным універсітэце, усё адно затрымлівалі студэнтаў.

Наста Кахановіч, «Белсат»