Расея хоча адлучыць Украіну ад святла і цяпла


Часовае адлучэнне электрычнасці, ацяплення, а часам і водазабеспячэння – суворая рэальнасць Украіны. Яе жыхары цягам апошніх месяцаў цярпяць ад удараў расейскай арміі не толькі па жылых дамах, але і па аб’ектах крытычнай інфраструктуры.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Жыхары Кіева скардзяцца: «Ацяплення няма ў кватэры да гэтага часу. Хоць мы ў Кіеў прыехалі – тут у цёткі ёсць ацяпленне, тут цёпленька. Але, калі святло выключаюць, і вады няма – таксама холадна». «Ну як можна сагрэцца? Адзеннем не сагрэешся». «Я спадзяюся, што ў нас такой крытычнай сітуацыі не будзе проста ў корань. Ну, паедзем на дачу».

У чацвер, пасля чарговай атакі, мільёны жыхароў засталіся без электрычнасці.

«Зноў аварыйныя адлучэнні святла ў дадатак да планавых, стабілізацыйных, – кажа Уладзімір Зяленскі. – На гэты час больш за 10 мільёнаў украінцаў – без электрычнасці. Найбольш у Вінніцкай, Адэскай, Сумскай вобласцях, у Кіеве. Мы робім усё, каб нармалізаваць пастаўкі».

Згодна з інфармацыяй чальца экспертнай рады пры Дзяржэнэргаэфектыўнасці Украіны Генадзія Рабцава, праз некалькі гадзінаў для большасці з гэтых 10-ці мільёнаў падачу электрычнасці аднавілі. Ён таксама паспрабаваў спрагназаваць далейшыя падзеі:

«Верагоднасць поўнага блэкаўту я ацэньваю як нізкую. Гаворка не пра поўнае адлучэнні электрычнай энергіі па ўсёй Украіне. Гаворка пра дастаткова працяглы тэрмін, цягам якога будуць адноўленыя пастаўкі электраэнэргіі ўсім без выключэння спажыўцам».

Акрамя аварыйнага адлучэння жыхары Украіны сутыкаюцца з запланаваным – веерным, якое мусіць дапамагчы пры рамонце пашкоджаных абʼектаў крытычнай інфраструктуры. Урад таксама заклікае ўкраінцаў ашчаджаць. Цяпер жыхары нават буйных гарадоў шукаюць магчымасці перайсці на новыя, а дакладней – даўно забытыя крыніцы ацяплення. Гэтак, Алесь Штэфчук з Харкава мае ў сваім доме печ-галандку. Ён выкарыстоўвае яе падчас адлучэння электрычнасці.

«У якасці асноўнай крыніцы цяпла мы абралі вельмі энергаэфектыўны варыянт – высокаэфектыўны кандыцыянер, – кажа спадар Алесь. – Але калі Урад папрасіў нас ашчаджаць яшчэ больш, мы змаглі адмовіцца ад гэтай сістэмы і проста перайшлі на дровы».

Зрэшты, карыстацца такою печчу ў шматпавярховых дамах небяспечна. З улікам магчымых доўгатэрміновых адлучэнняў электрычнасці мэр Івана-Франкоўску – гораду на захадзе Украіны – заклікаў жыхароў шматпавярховікаў выехаць на час зімы ў вёскі.

«Рэкамендую знайсці месца перабывання ў сельскай мясцовасці або ў індывідуальных дамах, – кажа Руслан Марцінкіў. – Хтосьці можа мець сямʼю, знаёмых у вёсках. Пажадана дамовіцца на пражыванне: вельмі цяжка будзе выжываць у шматкватэрных дамах».

Між тым надворʼе пагаршаецца. Слупок тэрмометра на поўначы, захадзе і ўсходзе Украіны ўжо блізкі да нуля. Сёння бліжэй ночы чакаецца моцны дождж і мокры снег.

Ян Федаровіч, «Белсат»