Еўрапарламент прызнае Расею спонсарам тэрарызму


Еўрапейскі парламент узгадніў тэкст рэзалюцыі аб прызнанні Расеі дзяржаваю-спонсарам тэрарызму. Чакаецца, што гэты дакумент абмяркуюць і вынесуць на галасаванне падчас парламенцкай сесіі 21-24 лістапада.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чатыры гадзіны доўжыліся перамовы паміж палітычнымі групамі Еўрапарламенту. І ў выніку еўрадэпутаты пастанавілі: Расея – дзяржава-спонсар тэрарызму і дзяржава, што ўжывае тэрарыстычныя сродкі.

«Як палітычны дакумент гэта будзе мець вельмі важнае значэнне, – канстатаваў палітолаг Павел Вусаў. – Бо ўпершыню Расея прызнаецца спонсарам тэрарызму і яе статус фактычна зводзіцца да статусу якой-небудзь Аль-Каіды».

Зрэшты, падкрэсліў Павел Вусаў, у цяперашнім фармаце рэзалюцыя мае дэкларатыўны характар. Гэта не першы падобны дакумент, прыняты Еўрапейскім парламентам, які не меў ніякіх наступстваў. Палітолаг Рыгор Ніжнікаў таксама лічыць, што прызнаць Расею спонсарам тэрарызму – не больш, чым заклік на паперы.

«Расею гэта ніяк асабліва не закране, а Беларусь і пагатоў, – упэўнены ён. – Але ўсё ж гэта яшчэ адзін крок наперад, хоць і сімвалічны, каб санкцыйны рэжым супраць Лукашэнкі і Пуціна пашыраць».

Спонсары тэрарызму – спіс краінаў, якія падтрымліваюць акты міжнароднага тэрарызму. У розныя перыяды, пачынаючы з 1979 года, у яго траплялі Лівія, Ірак, Паўднёвы Емен, Сірыя, Куба, Іран і КНДР.

Уключэнне ў спіс цягне за сабой жорсткія эканамічныя і палітычныя санкцыі: забарону на пастаўку зброі і эканамічную дапамогу, кантроль экспарту тавараў падвойнага прызначэння, а таксама іншыя абмежаванні.

«Не будзе больш пральных машын праз Казахстан. Не будзе ніякіх тэхналогіяў, што завуцца dual use, праз ніякую краіну свету, – патлумачыў Рыгор Ніжнікаў. – Фінансава гэта таксама будзе азначаць вельмі шмат».

Насамрэч, паводле ягонага меркавання, Еўрапейскі Звяз не жадае радыкальна псаваць адносіны з Расеяй.

Незалежная арганізацыя «Цэнтр даследаванняў энергіі і чыстага паветра» палічыла, што ад пачатку нападу Расеі на Украіну да канца верасня еўрапейскія дзяржавы выдаткавалі на закуп расейскіх нафты і газу каля 97 мільярдаў еўра. Нават пры значным ​​падзенні экспарту, рост коштаў на энерганосьбіты не дае патануць расейскай эканоміцы.

«Нават у пытаннях санкцыяў няма стоадсоткавай салідарнасці. Тая ж самая Венгрыя блакуе санкцыі ў дачыненні да Расеі і намагаецца нейкім чынам шукаць кампрамісы ў абыход нават санкцый Еўрапейскага звязу», – нагадаў Павел Вусаў.

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў усе краіны свету прызнаць Расею спонсаркаю тэрарызму. Гэта зрабілі толькі Эстонія, Латвія, Чэхія і Польшча. Адмыслоўцы адзначылі, што без моцнай волі і супольнага рашэння ўсіх еўрапейскіх інстытутаў далейшыя падобныя рэзалюцыі так і застануцца папераю.

Марына Яновіч, «Белсат»