Чаму антыбіётыкі забіваюць людзей?


Каля пяці мільёнаў асобаў у свеце памерлі праз устойлівасць бактэрыяў да антыбіётыкаў. Гэта болей, чым ад ВІЧ або малярыі. Звесткі за 2019 год. Пагроза працягвае расці. Прычына – празмернае і часта бескантрольнае ўжыванне антыбіётыкаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Існуе міф, што антыбіётыкі – цудадзейны сродак. Маўляў, у мяне прастуда – і я пачну піць таблеткі. Але гэта не заўсёды так. Часта прастудныя хваробы, асабліва пасля пандэміі, выкліканыя віруснымі агентамі, а не бактэрыяльнымі», – тлумачыць лекар Уладзіслаў Трафімчык.

Факт агульнавядомы. Аднак многія беларусы працягваюць самалекавацца антыбіётыкамі. Нашае апытанне ў розных сацыяльных сетках паказала, што да сарака адсоткаў асобаў прымаюць гэтыя прэпараты без прызначэння доктара. Папулярная прычына – нежаданне марнаваць час у чэргах да тэрапеўта. У Беларусі цяпер без рэцэпту можна купіць чатыры антыбіётыкі. У тым ліку – шырока ўжываны амаксіцылін.

«Пакінутыя ў спісе безрэцэптурнага продажу антыбіётыкі, прызначаныя для экстраннай прафілактыкі насельніцтвам кляшчовага барэліёзу […] і лекавання шырока распаўсюджаных інфекцыяў верхніх дыхальных шляхоў, што асабліва актуальна ў часе сезонных пад’ёмаў захваральнасці», – тлумачыць на сваім сайце Міністэрства аховы здароўя.

Імавернасць захварэць на барэліёз нашмат меншая, чым шкода ад прафілактычнага прыёму антыбіётыкаў, мяркуе вядомы ўкраінскі інфекцыяніст Фёдар Лапій. Што да распаўсюджаных хваробаў дыхальных шляхоў, на ягоную думку, лепей своечасова займацца іх прафілактыкай.

«Калі казаць пра верхнія дыхальныя шляхі, мне больш рацыянальным і разумным здаецца вакцынацыя ад грыпу якаснай вакцынай. Таксама я бы казаў пра вакцынацыю ад пнеўмакокавай інфекцыі людзей з групы рызыкі – асобаў старэйшых за 65 гадоў і дзяцей», – кажа Фёдар Лапій.

Антыбіётыкі ж эфектыўныя не на сто адсоткаў. Частка бактэрыяў мутуе, адаптуецца, выжывае і працягвае памнажацца. Чым часцей пацыенту даюць антыбіётыкі – тым хутчэй яны перастаюць дзеяць. Так чалавецтва вядзе бясконцае спаборніцтва з бактэрыямі.

«Выдаткоўваюцца велічэзныя сродкі кампаніямі, што распрацоўваюць гэтыя антыбіётыкі, але іх выстачае літаральна на некалькі гадоў, потым бактэрыя набывае да іх рэзістэнтнасць», – распавядае Фёдар Лапій.

З гледзішча асобна ўзятага пацыента, праблема нязначная, кажа доктар Уладзіслаў Трафімчык. Можна проста замяніць прэпарат. Але ў маштабах краіны і свету страты велічэзныя.

«Калі ў нас масава развіваецца антыбіётыкарэзістэнтнасць – гэта велічэзная нагрузка на ахову здароўя, на сістэму фармацыі. Гэта дадатковыя выдаткі, што маглі быць выкарыстаныя на іншыя даследаванні і прэпараты», – кажа Уладзіслаў Трафімчык.

Таксама расце складанасць і працягласць лячэння. Таму доктар Трафімчык выступае за забарону продажу антыбіётыкаў без рэцэпту. Але гэта азначала б дадатковую нагрузку на беларускую медыцыну, якой і так не выстачае кадраў. Свой развязак праблемы знайшла Украіна: там уводзяць электронныя рэцэпты. Доктар можа прызначыць антыбіётык пасля апытання пацыента праз тэлефон.

Валянцін Васіленка, «Белсат»