Пуцін заклікаў Лукашэнку да дыялогу з апазіцыяй


Нечаканая заява Пуціна. На пашыраным пасяджэнні калегіі МЗС Расеі ён фактычна ўпершыню заклікаў беларускі рэжым да дыялогу з апазіцыяй.

Аднак з агаворкамі, маўляў, Расея працягне лінію на ўмацаванне сувязяў і паглыбленне інтэграцыйных працэсаў з Беларуссю. Пуцін, прынамсі, сказаў: «Мы ведаем, што сітуацыя ў Беларусі, яна хоць і супакоілася ўнутры краіны, але тым не менш праблемы ёсць, мы аддаём сабе ў гэтым справаздачу выдатна. І, канешне, заклікам да дыялогу паміж уладай і апазіцыяй».

На заяву адрэагавала і дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская:

«Асабіста ў мяне кантактаў з Крамлём не было. Я вітаю заклікі да дыялогу. Але ніякі дыялог не пачнецца ў турме. Усе палітвязні павінны быць вызваленыя, гвалт спынены. Нашыя ўмовы ранейшыя».

Адметна, што такая заява адбылася на фоне ўдзелу расейскага боку ў перамовах з еўрапейскімі лідарамі па тэме мігранцкага крызісу на беларускім памежжы. Ці ня ёсць гэтая заява адным з вынікаў гэтых перамоваў?

Пытанне пакуль адкрытае. Эксперт Isans, палітолаг Аляксандр Марозаў, кажа:

«Мне здаецца, што калі Пуцін у адносінах да Беларусі ўжывае выраз «дыялог» паміж урадам і апазіцыяй, то ён мае на ўвазе тыя кургі, якія існуюць унутры самой Беларусі. Ён проста лічыць, што Лукашэнка павінен больш актыўна сімуляваць працэс спараджэння новай канстытуцыі і стымуляваць працэс рэферэндуму.Каб у ім больш выразна былі задзейнічаны іншыя пункты гледжання. У гэтым сэнсе Пуцін можа лічыць апазіцыяй Гайдукевіча або Васкрасенскага, а можа і Віктара Бабарыку, які знаходзіцца ў турме».

Адметна, што раней, нават у самыя гарачыя часы леташніх пратэстаў у Беларусі, нічога падобнага ад Крамля не гучала.

Уладзімір Старыковіч «Белсат»