«PandaDoc» – у спісе тэхналагічных кампаній ЗША і Канады, якія найбольш дынамічна развіваюцца


Тысячы стартапаў мусілі пакінуць Беларусь пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў. Толькі ў Польшчы лік беларускіх айцішнікаў ідзе на тысячы.

Бізнесовец, прадстаўнік кампаніі «IMAGURU» Аляксандр Кныровіч распавёў: «Міністэрства замежных справаў назвала лічбу – яны выдалі 20 тысяч візаў паводле праграмы Poland Buisness Нarbour. У большасці гэта – ІТ-спецыялісты, якія ўжо з’ехалі альбо плануюць зʼехаць. І вось на гэтую лічбу можна, бадай, арыентавацца, дадаўшы да яе якіясь аналагічныя лічбы, скарэктаваныя на колькасць тых, хто пераехаў ва Украіну, Літву, навакольныя краіны».

Адток чалавечых рэсурсаў – гэта не толькі сённяшні недахоп грошай у бюджэце, але яшчэ і значная «фінансавая яма» на будучыя гады.

«Стаўленне беларускай улады да ІТ, ЕРАМ, PandaDoc, да World of Tanks шматлікіх іншых кампаній – гэта, па сутнасці, рэзаць курыцу, якая нясе залатыя яйкі», – лічыць кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

І вось падцверджанне гэтых словаў. «PandaDoc», што таксама перанесла бізнес з Беларусі, увайшла ў рэйтынг найлепшых тэхналагічных кампаніяў Паўночнай Амерыкі. А сёлета ў верасні «PandaDoc» ацанілі ў мільярд долараў, кампанія стала першым у гісторыі Беларусі так званым «аднарогам».

Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў каманда «Панды» выступіла супраць фальсіфікацыяў і міліцэйскага гвалту, у офісе адбыўся ператрус, супрацоўнікаў дапытвалі і затрымлівалі. Адзін з кіраўнікоў «PandaDoc» Мікіта Мікада назваў Беларусь «таксічнай краінай для ІТ».

«Адток спецыялістаў і страты Беларусі перавышаюць ужо 10% ВУП. А будзе яшчэ больш. Паняцце «выдаткі», «страчаная выгада» – будзе расці, акумулявацца. І мы будзем пераўтварацца ў тыя краіны, якія з розных прычынаў не здолелі заняць годнага месца ў тэхналагічнай рэвалюцыі, упусцілі інфармацыйную рэвалюцыю і, па сутнасці, працягваюць мадэль эканомікі, якая была 50-70 гадоў таму«, – папярэдзіў Яраслаў Раманчук.

Паводле Аляксандра Кныровіча, для таго, каб палепшыць сітуацыю, трэба мяняць законы. Але ў сённяшняй Беларусі гэта, на жаль, немагчыма.

Марына Яновіч, «Белсат»