Колькі мігрантаў вырашылі застацца ў Беларусі?


Некаторыя мігранты вяртаюцца на радзіму. Адбыўся першы рэйс маршрутам Менск – Эрбіль – Багдад. Паводле афіцыйнага прадстаўніка МЗС Іраку, рэгістрацыю на яго прайшоў 431 чалавек. Яшчэ адзін рэйс запланаваны на заўтра.

Як сцвярджаюць у прэс-службе Лукашэнкі, на тэрыторыі Беларусі цяпер застаецца яшчэ каля сямі тысяч уцекачоў. І выглядае на тое, што далёка не ўсе з іх згодныя вярнуцца ў свае краіны. Некаторыя працягваюць спробы перайсці мяжу з краінамі Еўразвязу. Ноччу польскія памежнікі затрымалі групу са ста чалавек.

«Гэта не толькі польская мяжа, гэта мяжа Еўрапейскага Звязу. Таму мы не павінны дазваляць гэтым людзям праходзіць праз мяжу, як гэтага хоча Лукашэнка. Бо тады з’явяцца яшчэ тысячы ці нават дзясяткі тысяч мігрантаў» – сцвярджае намеснік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач.

Украіна ўслед за Польшчай і Літвой таксама ўзмацняе мяжу дадатковымі сіламі. На ўзмацненне былі адпраўленыя восем з паловай тысячаў байцоў Нацгвардыі і паліцыі. А ў прэс-службе Лукашэнкі распавялі, што падчас тэлефонных размоваў той, хто ўласна і арганізаваў мігранцкі крызіс, прапанаваў Ангеле Мэркель.

«Еўрапейскі Звяз стварае гуманітарны калідор для дзвюх тысяч уцекачоў, якія цяпер у лагеры. Мы бярэм на сябе абавязацельствы садзейнічаць, наколькі гэта магчыма, і пры іхным жаданні астатнім пяці тысячам вярнуцца на радзіму. І Ангела Мэркель, згодна з дамоўленасцямі, будзе весці перамовы з ЕЗ, у тым ліку аб арганізацыі гуманітарнага калідору ў Нямеччыну» – сцвярджае прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

А вось прыляцець у Беларусь цяпер патэнцыйным мігрантам стане нашмат складаней. Усё больш авіякампаніяў адмаўляюцца прадаваць квіткі на рэйсы ў Менск для жыхароў краінаў Блізкага Усходу. Авіялініі Лівану спынілі продаж на такія рэйсы для грамадзянаў Іраку. На рэйсы з Ташкенту ў Менск цяпер не бяруць грамадзянаў Іраку, Афганістану, Емену, Лівану, Лівіі і Сірыі. Раней на такі ж крок пайшлі Турцыя і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты ў дачыненні грамадзянаў Афганістану, Сірыі і Емену.

Міхаіл Прановіч «Белсат»