Чаму перамовы з Мэркель не даюць Лукашэнку прызнання?


Перамовы Ангелы Мэркель з Аляксандрам Лукашэнкам выклікалі бурную рэакцыю. У бок выканаўцы абавязкаў канцлера Нямеччыны пасыпаліся абвінавачанні ў саступках беларускаму рэжыму. На думку палітолага Валера Карбалевіча, гэты дыялог сапраўды можа сведчыць пра спробы пошуку развязання крызісу на мяжы.

«Небяспека ў тым, што тая спецаперацыя, якую зарганізавалі беларускія ўлады, можа прывесці да думкі Лукашэнку, што гэтыя метады працуюць, гэты інструментарый працуе. Таму яны могуць яго выкарыстаць у любы момант потым», – падкрэслівае палітолаг Валер Карбалевіч.

У той жа час краіны Еўрапейскага Звязу працягваюць трымаць жорсткую пазіцыю ў дачыненні беларускага рэжыму. Польшча абяцае закрыць чыгуначнае злучэнне ў Кузніцы з 21 лістапада, разам з літоўскім бокам адмаўляючыся ад развязання міграцыйнага крызісу без уліку сваіх інтарэсаў.

«Оляф Шольц, будучы імаверны канцлер Нямеччыны, дакладна заяўляе, што Лукашэнка дыктатар і ніхто яго прызнаваць не збіраецца. Тэлефанаванне спадарыні Мэркель найхутчэй насіла гуманітарны характар, каб спыніць той жах, які адбываецца на мяжы, калі мігранты закідваюць камянямі і бярвеннямі той бок мяжы, што, вядома, недапушчальна», – мяркуе Святлана Ціханоўская.

Нягледзячы на тое, што міграцыйны крызіс адцягнуў увагу ад унутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі, ён жа і наблізіў палітычную паразу Лукашэнкі, і перамовы не ў стане выправіць гэтай сітуацыі, упэўнены Франак Вячорка.

«Тыя краіны, якія не былі зацікаўленыя ў Беларусі, цяпер выступаюць. Паглядзіце: сёння заява міністраў Вялікай сямёркі, сёння слуханні ў Палаце прадстаўнікоў ЗША, сёння павінна быць прынятая рэзалюцыя Сенату ЗША, сёння кіраўнікі і прадстаўнікі НАТО збіраюцца абмяркоўваць Беларусь. Цяпер усе тыя краіны і міжнародныя арганізацыі ставяць крызіс у Беларусі і дзеянні вар’ята Лукашэнкі першым пунктам парадку дня», – тлумачыць старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Занепакоенасць літоўскіх і польскіх палітыкаў выклікала верагоднае выключэнне беларускай кампаніі «Белавія» са спісу пятага пакету санкцыяў. Пра гэта заявіў міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс пасля перамоваў прадстаўнікоў Еўрапейскага Звязу.

«Магчыма, да такога кроку не звернуцца, бо гэта адзін з асноўных абʼектаў санкцыяў, і без яго частка санкцыяў проста губляе сваё значэнне», – пракаментаваў міністра абароны Літвы Арвідас Анушаўскас.

Беларуская авіякампанія сама ідзе на саступкі, намагаючыся не трапіць пад санкцыі, афіцыйна адмовіўшыся перавозіць грамадзянаў Афганістану, Іраку, Емену, Лівану, Лівіі і Сірыі, якія вылятаюць з Узбекістану.

«Аргументы праціўнікаў уключэння «Белавіі» ў спіс – бяспека, што тады яна згубіць доступ да абсталявання і павялічыцца рызыка авіякатастрофаў. Па-другое, што пацерпяць звычайныя беларусы, што ў нейкай ступені правільна. Але ж мы бачым, што «Белавія» выкарыстоўваецца не толькі для пасажырскіх перавозак традыцыйных», – зазначае Франак Вячорка.

Сёння ж выканаўца абавязкаў кіраўніка Міністэрства ўнутраных справаў ФРГ Горст Зээгофэр на сустрэчы ў Варшаве заявіў, што Нямеччына не будзе прымаць мігрантаў, якія цяпер застаюцца на беларуска-польскай мяжы.

Марыля Дакуцька, «Белсат»