Беларусы выпальваюць каля BR 1,9 млрд на год

Не з панядзелку і не пасля дню народзінаў ці «новага году»… Згасіць недапалак можна ЦЯПЕР – у Міжнародны дзень адмовы ад палення, які ў свеце адзначаюць у трэці чацвер лістапада. Для «уцягнутых» гэта нагода пазбавіцца ад залежнасці, якая крадзе здароўе і змушае выдаткоўваць немалыя грошы. У Беларусі, дзе паляць каля 30 % дарослага насельніцтва, ёсць і палітычныя прычыны не паліць.

Аляксандр Грэчышнікаў спажывае чыстую ваду і ўжо некалькі гадоў, як не ўдыхае тытунёвага дыму.

Запальнічка ў ягоным доме толькі дзеля абслугоўвання газавай пліты. Мужчына кінуў паліць, калі зацяжарала ягоная абранніца.

«Даведаўшыся пра гэта я ў будучыні сваім паленнем буду атручваць жыццё будучай маці – дымнаму ўздзеянню дыму. І потым, калі народзіцца дзіця, я б не хацеў, каб дзіця нюхала дым і, калі падрасце, бачыла, што я палю», – вырашыў Аляксандр.

Мужчына лічыць, што перастаць паліць трэба рэзка, перачакаць кароткі нікацінавы голад, каб штодня атрымліваць асалоду ад сапраўдных смакаў жыцця.

«Ты свабодна займаешся сваімі справамі, працягваеш працаваць і не адцягваешся на нейкія перакуры і ў цябе галава не думае пастаянна, што ёй чагосьці не хапае. Пайду ка я пакурыць», – падзяліўся назіраннямі Аляксандр Грэчышнікаў.

Згодна са STEPS-даследаваннем Міністэрства статыстыкі і і аналізу Беларусі – сярод мужчынаў у Беларусі – 48,4 % курцоў. Сярод жанчын – 12,6 %.

Адмоўся яны ад цыгарэтаў, у перспектыве знізяць рызыкі захворвання на акне, рак, сухоты, астму, карыес, хваробы сасудаў і кішачнай сістэмы – пацвярджае доктар Васіль Завадскі і дадае:

«Усім вядомая яшчэ з постсавецкіх часоў ісціна «Кропля нікаціну забівае каня». Але Апроч нікаціну тытунь утрымлівае шмат іншых шкодных рэчываў, якія пры ўдыху трапляюць у лёгкія».

Хто кінуў паліць – можа разлічваць на штогадовую прэмію, супастаўную з трынаццатым заробкам. BR 1168 у год – выдаткі на цыгарэты ў спажыўца, які выпальвае штодня пачак цыгарэт сярэднім коштам BR 3,20.

Паводле таго ж даследавання Мінстату, паляць у нас каля 30 % насельніцтва краіны ва ўзросце 18-69 гадоў.

Узяўшы за аснову афіцыйную статыстыку працаздольнага насельніцтва (5,402 млн) «Белсат» падлічыў, што 1,620 млн беларусаў аддаюць дзяржаве гэты трынаццаты заробак. Агулам BR 1,892 млрд на год.

Эканаміст і журналіст Алесь Ярашэвіч кажа:

«Грошы зарабляе беларуская дзяржава, бізнесмены беларускія, а таксама міжнародныя карпарацыі тыпу Japan Tobacco, Philip Morris і трэці буйны гулец – British American Tobacco».

Галоўныя гульцы ўнутры Беларусі – кампанія «Тытунь-інвест», якая належыць мільянеру Паўлу Тапузідзісу, – дзяржаўная фабрыка «Нёман» у Горадні і найноўшая кампанія «Інтэр Табака», якая належыць алігарху Аляксею Алексіну.

Ён жа – уладальнік кампаніі «Энерга-Оіл», якой належыць 40 % рынку тытунёвых вырабаў і звыш 10 тысячаў гандлёвых пунктаў – «Табакерак» па ўсёй Беларусі.

Менавіта Алексіна журналісты- расследавальнікі падазраюць у буйной кантрабандзе цыгарэтаў з вывадам грошай з Беларусі ў афшоры.

«Грошы выводзяцца з найбольш прыбытковых сектараў. Гэта на сённяшні дзень цыгарэтны бізнес і кантрабанда цыгарэт. Мы ўсе ведаем каго зрабілі манапалістам па збыце з гарадзенскай дзяржаўнай фабрыкі «Нёман». Гэта Аляксей Алексін», кажа вядоўца праграмы «Давайце разбірацца» Станіслаў Івашкевіч.

Алесін – фігурант санкцыйнага спісу Еўразвязу. Таму калі вы прыхільнік пераменаў і прыхільнік санкцыяў, вы маеце дадатковую прычыну не паліць.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама