Вытворцы і прадаўцы перабіраюць адную за другой формулы выжывання


Абыходзяць механізмы рэгулявання цэн, якія беларускай прамысловасці навязала дырэктыва Лукашэнкі за нумарам дзесяць. Напрыклад, на птушкафабрыцы – павышаюць кошт курынай раздзелкі, бо цэлае кураня не можа прыбавіць у цане. Фабрыкі і крамы сутыкнуліся з праверкамі, а ўсё таму, што законы Лукашэнкі спрабуюць зрабіць вышэйшымі за законы эканомікі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Да Br 1,70 завышалі кошты ў крамах Горадні і Ваўкавыску – ажно па 30 пазіцыях. На Гомельшчыне па 70 капеек за кіло прадалі капусту, якая каштуе 15 капеек. Бульбу, якая каштуе 33 капейкі, прадалі ў чатыры разы даражэй.

Пасля выхаду дырэктывы №10 «Аб недапушчальнасці росту цэн» дзяржкантроль прачэсвае крамы. Устанавілі больш чым 70 фактаў завышэння коштаў, якое называюць неабгрунтаваным.

«Такія фанты маюць месца ва ўсіх без вынятку рэгіёнах краіны. Як правіла ўказаныя дзеянні кваліфікуюцца па ч.2 арт.424 КК РБ – “злоўжыванне ўладаю ці службовымі паўнамоцтвамі”», – рапартаваў намеснік начальніка ГУБЭЗ МУС Сяргей Аўсіевіч.

Затрыманыя прынамсі 20 асобаў, сярод якіх уладальнікі і загадчыкі крамаў. Сёння «злоўжыванне ўладаю»– гэта тое, што ўчора называлася рынкавымі законамі. Калі растуць кошты на ўгнаенні, камбікорм, паліва і электрычнасць, на аплату працы і лагістыкі, як не ўзняць цану на гатовы прадукт?

«Калі штучна спрабаваць рэгуляваць гэтыя цэны – гэта прывядзе неўзабаве да дэфіцыту і тавараў, і паслугаў. Бізнес будзе альбо вывозіць гэтыя тавары ў тую ж Расею. Мяжа адчыненая», – кажа Віталь Алейнік – магістр банкаўскай справы і прадпрымальніцтва.

Віталь Алейнік нагадвае, што эканоміка з’яўляецца жывым арганізмам дзякуючы прынцыпу здаровай канкурэнцыі. Калі ж гэта робіцца падсуднаю справай.

«Мы бачылі што адбывалася з СССР, калі гэтыя прынцыпы спрабавалі прымяніць. Вось і няма таго звязу. Беларусь канешне краіна значна меншая, але мы цяпер бачым той распад, які адбываецца ўнутры. Беларускія бізнесоўцы не проста сядзяць і глядзяць, як гэтыя кошты нехта зафіксаваў. Мы бачым як патроху бізнес зʼязджае», – цвердзіць фінансіст Віталь Алейнік.

Працаваць сабе ў мінус ці трапіць пад крымінальную справу – выбар складаны. Здавалася б – трэці варыянт, уласна, закрыць бізнес. Але ж новая дырэктыва №10 ад 6-га кастрычніка перасягнула ўсе ранейшыя абмежавальныя акты яна забараняе закрывацца!

Пры гэтым праверкі ў гандлёвых кропках праводзяцца, хочаш не хочаш, з удзелам прапагандыстаў і… чыноўнікаў. Такая была задача іхнага кіраўніка:

«Паглядзім, як вы старанна намагаецеся разам з Андрэйчанкам, арганізоўваеце працэс кантролю на даручэнне прэзідэнта», – казаў Аляксандр Лукашэнка.

Амаль штодзень – па сюжэту са сталіцы і абласных гарадоў. Сёння ў навінах БТ Гомельскай вобласці справаздачыўся старшыня абласнога абʼяднання прафсаюзаў і чалец Савету Рэспублікі:

«Парушэнняў не выяўлена. Разглядаем практычна ўвесь пералік, пачынаючы ад харчовых тавараў – да прамысловых», – казаў Аляксей Нявераў у супермаркеце.

Аўтары сюжэтаў цвердзяць, што пільнуюць рост коштаў і паведамляюць пра парушэнні таксама пакупнікі.

«Улада сказала «пішыце нам, легальна, можа яшчэ ганарар за гэта атрымаеце». І грамадзяне пабеглі. Я б іх назваў свядомымі сталіністамі, лукашыстамі. Гэта яны пабеглі “грукаць”, даносіць на сваіх суседзяў».

Але прыглядаюцца да коштаў цяпер не толькі лукашысты. Падзенне рэальных даходаў насельніцтва адбіваецца на таваразвароце. Паводле Белстату, раздробны таваразварот у Беларусі зменшыўся на 2,5 %, што здарылася цягам другога кварталу года. Палітолаг Дзмітрый Балкунец кажа, што такая сітуацыя для бізнесу зусім не цікавая. Але для рэжыму – цалкам прымальная.

«Ён не разумее, што такое прыватны бізнес. Усё мае быць дзяржаўным. Таму калі прадпрыемства буйное, яго будуць нацыяналізаваць і канфіскоўваць на карысць дзяржавы. А потым, дарэчы, перапісваць на сваіх родных. На Віктара Лукашэнка, што раней адбывалася з шэрагам іншых прадпрыемстваў», – рэзюмуе Дзмітрый Балкунец.

Мараторый на рост шэрагу цэн дзее «пакетам» з пастановамі Саўміну і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Юлія Цяльпук, «Белсат»