Замест каронавірусу – ішэмічная хвароба сэрца. Як хаваюць статыстыку смяротнасці і вакцынацыі


Лічбы захворванняў і смерцяў заніжаныя ў разы, а сітуацыя з каронавірусам выйшла з-пад кантролю. Пра гэта кажуць усе медыкі, з якімі мы размаўлялі пры рыхтаванні гэтага рэпартажу.

«Найбольш часта пішацца ішэмічная хвароба сэрца. Калі ёсць анкалогія, не важна, прагрэсуе або стабілізаваная… Маскуецца пад ішэмічную хваробу сэрца, якую-небудзь анкалогію», – распавядае доктар менскай больніцы.

Мы атрымалі медычную дакументацыю адной з менскіх больніцаў. У гэтых дакументах распісана, як на працягу содняў пасля паступлення ў лякарню памірае чалавек.

Вось пацыентка 58 гадоў, якая паступіла з небальнічнай пнеўманіяй, падчас абследавання ёй паставілі дыягназ ковід. Праз некалькі гадзінаў яна памірае, а дыягназ, ад якога яна афіцыйна памерла, – лімфацытарны лейкоз.

Вось яшчэ адна пацыентка з небальнічнаю пнеўманіяй і ковідам, якая праз пару гадзінаў памірае ўжо ад ішэмічнай хваробы сэрца.

Ёсць сведчанні і пра тое, што падрабляюцца вынікі тэставання на COVID.

«Я брала мазкі медыкам, і да мяне проста прыходзіла кіраўніцтва і казала: ты выкідваеш гэтыя мазкі, якія брала, кладзеш туды чыстыя і вязеш на Горадню. Медыкі не павінны хварэць. Калі захварэў, павінна выплачвацца сума. Нават калі хварэў, ім пісалі ВРВІ, але толькі не каронавірус», – кажа Аляксандра, былая медсястра з Ваўкавыску.

«Гэта, напэўна, параўнальна з дзедаўшчынай у войску: ты прыходзіш пасля інстытуту працаваць і бачыш, што ўсе робяць так. Рэдка ў каго ўзнікае ініцыятыва аспрэчыць. І ты так робіш, таму што проста не зможаш працаваць фізічна», – лічыць доктар з менскай больніцы.

Паводле афіцыйных звестак, у Беларусі вакцынавалі каля 20 адсоткаў жыхароў. Мы атрымалі інфармацыю ад работнікаў аднаго з прадпрыемстваў аб тым, што яны купілі даведкі аб вакцынацыі, не робячы прышчэпкі.

«Так, як раней рабіліся прышчэпкі, калі я працавала… Грып, адзёр. Проста прыносілі спісы з вызначанай колькасцю чалавек, адсоткаў 90 адмаўляліся ад прышчэпак. Мы бралі вакцыну на дом калоць, вельмі вялікую колькасць, у дзень 40 вакцынаў. Гэта ўсё выкідвалася, разбіваліся ампулы» – расказвае былая медсястра Аляксандра.

Нягледзячы на тое, што вакцынацыя ў Беларусі не прымусовая, на шмат якіх прадпрыемствах патрабуюць ад работнікаў прышчапіцца. І паводле нашай інфармацыі, якую, праўда, не ўдалося пацвердзіць, даведкі можна купіць. Мы напісалі да адной з такіх абвестак. Нам паабяцалі зрабіць даведку, якая будзе сапраўдная ў Беларусі, за 100 долараў. Паказалі некалькі прыкладаў такіх даведак. На пытанне, як гэта працуе, бо ў даведцы павінен быць запісаны ўнікальны код ампулы, адказалі, што ампулы ўтылізуюцца.

Доктарка, якая займаецца вакцынацыяй ад каронавіруса, запэўнівае, што «ліпавасць» такой даведкі лёгка спраўдзіць:

«Усё аблічбавана. Трэба падрабіць сам бланк вакцынацыі, ведамасць прыёму пацыентаў, журнал уліку вакцынаў, падгаварыць лекара і медсястру. І лекар, і медсястра ведаюць, што гэта крымінальнае злачынства».

У сувязі з сітуацыяй ад сёння Мінздароўя афіцыйна прыпыніла аказанне планавай медычнай дапамогі. Але насамрэч яе няма ўжо даўно, кажуць нашыя крыніцы.

«Другі год планавай працы не вядзецца, усё працуе на экстраннае. Хто паспеў у гэты перыяд зрабіць аперацыю, той паспеў. А стан людзей не паляпшаецца», – расказвае доктарка менскай паліклінікі.

У Беларусі другі тыдзень дзее ўказ аб абавязковым нашэнні масак, на дзяржканалах пачалі ўжываць слова «каронавірус», а заўтра ў Палацы незалежнасці пройдзе нарада аб сітуацыі з COVID. Але ці не спазніліся гэтыя захады?

Алена Дубовік, «Белсат»