Яраслаў Раманчук: «Рэальная інфляцыя ў Беларусі ўтрая вышэйшая за афіцыйныя лічбы»


Тое, што планам і абяцанкам чыноўнікаў верыць не варта, пацвярджае нават… афіцыйная статыстыка. Да прыкладу, гадавая інфляцыя, якую яшчэ ў студзені ўрадоўцы планавалі на ўзроўні 5-ці адсоткаў, аднак затым неаднаразова пагаршалі ўласныя ж прагнозы. І якая ўжо сёння прынамсі ўдвая вышэйшая ды не збіраецца збаўляць тэмпы росту.

Чым горш расце збожжа, тым лепш расце… інфляцыя! Эксперты Еўразійскага банку развіцця назвалі галоўныя прычыны чарговых рэкордаў у тэмпах абясцэньвання айчыннай валюты.

«Інфляцыя ў Беларусі ў верасні склала 10,2 % г/г пасля 9,8 % у жніўні. Дынаміка інфляцыі сігналізуе пра імаверную рэалізацыю акрэсленай раней аналітыкамі ЕАБР рызыкі, звязанай са зніжэннем ураджаю збожжа. […] На росце ўнутраных цэнаў на харчовыя прадукты адбіваецца і падвышэнне кошту харчоў у свеце і ў галоўнага гандлёвага партнёра – Расеі», – адзначаецца ў Тэлеграм-канале ЕАБР.

Чарговы інфляцыйны рэкорд паказальны яшчэ і тым, што звычайна жнівень-верасень, наадварот, спрыяюць падзенню дынамікі, у прыватнасці за кошт патаннення сельскагаспадарчых прадуктаў, звяртае ўвагу эканаміст Аляксей Харкевіч. У Беларусі ж сёння ўсё з дакладнасцю наадварот. Паводле Нацыянальнага банку, цэны на садавіну і гародніну ў верасні выраслі больш як на 14 адсоткаў да леташніх паказнікаў, тады як у жніўні гэты рост быў больш як удвая сціплейшы. Адпаведна, інфляцыйныя рэкорды нас чакаюць і надалей.

«Зараз мы ўступаем у новую фазу: у нас ужо ўключыўся ацяпляльны сезон – вось цяпер у жыроўках за кастрычнік будзем плаціць за ацяпленне, якое было анамальна рана ўключанае ў верасні. І, вядома ж, гэта таксама цэны – цэны на камунальныя паслугі, якія ўлічваюцца і робяць істотны ўнёсак у агульны тэмп інфляцыі», – заўважае Харкевіч.

Пры гэтым рэальная інфляцыя яшчэ большая за афіцыйную, перакананы эканаміст Яраслаў Раманчук. Да прыкладу, калі гаварыць пра кошык прадуктаў і паслугаў, якім карыстаецца бальшыня беларусаў, то лічбы могуць быць і ўдвая, і ўтрая вышэйшыя.

«Трэба рыхтавацца да таго, што 25–30 % пакупной, набытковай вартасці заробкаў будзе зменшаная. Нашыя заробкі не будуць мець тае вартасці, якімі яны былі да гэтага года. А ў 2022 годзе сітуацыя яшчэ пагоршыцца», – папярэджвае Раманчук.

У тым ліку – у выніку санкцыяў, якія ўвялі і яшчэ ўвядуць краіны Захаду супраць рэжыму Лукашэнкі ў адказ на развязаную ім вайну супраць беларускага народу, заўважае Аляксей Харкевіч. Асноўны ўдар санкцыйнага бізуна прыпадзе на флагманы айчыннай эканомікі, якія і без таго дыхаюць на ладан.

«Я не бачу асаблівага клопату беларускага ўраду наконт таго, каб ставіць на покуць дабрабыт сваіх грамадзянаў і рост эканомікі. Я думаю, што сёння ў іх зусім іншыя прыярытэты, і гэтыя прыярытэты цягам года ніяк не змяняюцца», – канстатуе Харкевіч.

А таму ці спадзявацца ў гэткай сітуацыі на хоць нейкае паляпшэнне жыцця – пытанне, хутчэй, рытарычнае. Амаль 400 тысяч беларусаў сёння афіцыйна жывуць за рысаю беднасці, а бясконца абяцаныя «па пяцьсот» і больш маюць усяго каля 8-мі адсоткаў жыхароў краіны.

«Мы не гаворым пра тыя 1–3 % людзей, якія застаюцца ў кіраўніцтве краіны. У іхных руках – амаль 25 млрд долараў бюджэту органаў дзяржаўнага кіравання. У іх на руках актывы на 70 млрд долараў – гэта вартасць дзяржаўных актываў і рэсурсаў. Яны ні ў чым сабе не адмаўляюць. Але што наконт звычайных людзей, то, я думаю, зона беднасці будзе пашырацца, сярэдні клас будзе размывацца, ну а тыя людзі, якія могуць на сябе зарабляць і ствараць месцы працы, у гэткіх варунках будуць папросту з’язджаць з краіны», – кажа Раманчук.

Для тых жа, хто застанецца, парады ад эканаміста простыя: захоўваць ашчаджэнні ў доларах ці золаце, а таксама інвеставаць у сваю адукацыю і навыкі. Разлічваць на дзяржаву не даводзіцца.

Валера Руселік, Белсат