Папрасіў візу – здрадзіў Радзіме?


Гісторыя пераследу Сяргея Мярненкі пачалася, як і сотні падобных гісторый, з выбараў 2020 года, на якіх ён быў назіральнікам. Потым яго тройчы арыштоўвалі, некалькі разоў выклікалі на допыты, шукалі па сваяках і знаёмых. Сяргей вырашыў не чакаць чарговага арышту і звярнуўся ў польскі візавы цэнтр у Магілёве, падаўся на гуманітарную візу.

Аднак у хуткім часе замест консульства яго выклікалі ў Аршанскі ГАУС. Сяргей кажа, што тады ж яму паказалі ягоны ліст консулу і пачалі пагражаць артыкулам за здраду Радзіме, які прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Яго здымалі на камеру, пагражалі дубінкай і кастэтам, казалі, што гэта яго чакае, калі ён адмовіцца распавядаць пра ліст на відэакамеру.

Сяргей дакладна не ведае адкуль у сілавікоў доступ да ліста аб гуманітарнай візе на імя консула, які ён пакінуў у магілёўскім візавым цэнтры. Кажа, што магчыма з камер відэаназірання цэнтру ці за ім магло весціся вонкавае назіранне. Пасля таго, як сілавікі прыехалі да маці Сяргея і зрабілі ў яе доме ператрус, актывіст тэрмінова пакінуў Беларусь.

Старшыня беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк раіць не карыстацца электроннай поштай і ў даменнай зоне ру ці бай, не звяртацца ў візавыя цэнтры, якія ня ёсць дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі, а толькі камерцыйнымі пасярэднікамі і работнікі якіх могуць супрацоўнічаць з беларускімі спецслужбамі. Лепш выкарыстоўваць пошту protonmail.com і звяртацца па гуманітарную візу непасрэдна праз Беларускі дом у Варшаве, даслаўшы ліст на адрас repressions@belaruskidom.eu.

Зараз Сяргей Мярненка ў бяспецы. Да апошняга ён не хацеў з’язджаць, але з-за пагрозы крымінальным артыкулам «Здрада радзіме«, яму прыйшлося эвакуявацца з адным заплечнікам.

У падобнай сітуацыі аказаліся тысячы нашых суайчыннікаў. Толькі Польшча за год з прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі выдала беларусам больш за 150 тысячаў гуманітарных візаў.

Уладзмір Старыковіч, Белсат