Еўразвяз узгадніў санкцыі супраць Лукашэнкі – засталося толькі прагаласаваць


Якім будзе новы пакет санкцыяў для Лукашэнкі, абмяркоўвалі сёння міністры замежных справаў дзяржаваў Еўразвязу ў Люксембурзе. Гаворка пра пакаранне Лукашэнкі за арганізаваную масавую нелегальную міграцыю ў Еўразвяз праз менскі аэрапорт.

«Плыні мігрантаў, якія накіроўвае ў Еўропу Лукашэнка, не аслабелі. Якія інструменты могуць выкарыстоўваць Літва, Латвія і Польшча, каб спыніць ваенізаваную міграцыю? Думаю, мы трохі зацягваем барацьбу з гэтым новым феноменам» – заявіў міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

«Мы мусім абмеркаваць, як падтрымаць беларускіх журналістаў, медыі і грамадзянскую супольнасць. А таксама ўвесці санкцыі супраць так званых турагенцтваў, якія арганізоўваюць пералёты мігрантаў у Беларусь. Я лічу, што трэба ўвесці поўныя санкцыі супраць кампаніі «Белавія», каб яны не маглі атрымаць ні тэхнічнай дапамогі, ні стыковачных рэйсаў, нічога», – патлумачыў ягоны латвійскі калега Эдгар Рынкевіч.

Прапановы санкцыяў, агучаныя на круглым стале, мусяць прыняць ці не прыняць прэзідэнты і прэм’ер-міністры дзяржаваў Еўразвязу. Таксама трэба скаардынавацца з саюзнікамі ў ЗША, Канадзе, Вялікай Брытаніі ды іншых краінах.

«Вядома, трэба дадатковыя захады супраць «Белавіі». Але давайце паглядзім, што пастановяць дзяржавы Еўразвязу. Стварэнне агульнай пазіцыі – не заўжды простая задача», – кажа кіраўнік дыпламатычнай службы Еўразвязу Жузэп Бурэль.

Напрыклад, прапанова пакінуць «Белавію» без новых самалётаў можа не супадаць з інтарэсамі Ірландыі, якая здае гэтыя самалёты напракат. Хаця афіцыйны Дублін цалкам за санкцыі.

«Ірландыя гатовая ўзмацніць санкцыйны ціск, але мы мусім адрозніваць забарону новых кантрактаў лізінгу самалётаў для «Белавіі» ад сённяшніх кантрактаў, якія ёсць юрыдычнымі абавязаннямі», – патлумачыў ірландскі міністр абароны і замежных справаў Сайман Коўвэні.

Вельмі востра на сустрэчы прагучала пазіцыя Нямеччыны, куды са жніўня беларускім маршрутам трапілі 4300 нелегальных мігрантаў.

«Лукашэнка – гэта важак банды кантрабандыстаў, якія займаюцца гандлем людзьмі. Мы не збіраемся назіраць, як бізнес-структуры і авіякампаніі зарабляюць на перакідванні мігрантаў у Нямеччыну ды іншыя краіны Еўразвязу», – рашуча заявіў міністр замежных справаў Нямеччыны Хайка Маас.

Сам Лукашэнка, праводзячы перастаноўкі ў камандаванні сілавых структураў, заявіў, што калектыўны Захад збіраецца яго зрынуць – санкцыямі, пратэстамі, экстрэмізмам, тэрарызмам і рыхтаваннем баевікоў. А нелегальную міграцыю арганізавалі нашыя суседзі.

«Польшча і Літва праводзяць спецаперацыі па стварэнні каналаў адбыцця мігрантаў з месцаў утрымання на тэрыторыю Германіі і Францыі, масава і цынічна парушаючы правы чалавека. Яны дэманструюць усюды, што яны нібыта ўтрымліваюць мігрантаў у пэўных месцах – у лагерах. А на самай справе гэта толькі перасыльныя пункты», – даваў устаноўку сваім генералам Лукашэнка.

Напярэдадні ў Польшчы прайшоў марш салідарнасці з мігрантамі. Тысячы палякаў выйшлі на вуліцы Варшавы і Кракава з дастаткова рознымі лозунгамі: ад патрабаванняў больш гуманна абыходзіцца з мігрантамі да пратэсту супраць межаў у прынцыпе.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»