Арцём Праскаловіч: «Рэжым не хоча, каб увесь свет бачыў, што адбываецца ўнутры краіны»


Законапраект аб ліквідацыі рэжымам Лукашэнкі магчымасці для беларусаў звяртацца ў ААН з нагоды парушэння сваіх правоў цяпер на разглядзе, як бы іранічна гэта не гучала. Чым замінае рэжыму магчымасць звярнуцца ў ААН? 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Праваабаронца Раман Кісляк кажа:

«Я думаю, што мы ўжо наперадзе. Раней былі на другім месцы, цяпер я думаю, першыя па колькасці такія зваротаў. І, вядома, ўлады гэта напружвае. Кожная справа разглядаецца індывідуальна. Усе гэтыя парушэнні па судовых працэсах, жорсткія адносіны, катаванні, свабода мірных сходаў».

«Рэжым не хоча, каб увесь свет бачыў што адбываецца ўнутры краіны. Фактычна тое, пра што кажа ўся дэмакратычная супольнасць, што з 2020 года тэмпы генацыду беларускага народу набралі неймаверную хуткасць і не збіраюцца спыняцца па сённяшні дзень», – дадае юрыст НАУ Арцём Праскаловіч.

Калі магчымасці справядлівага разгляду вашай справы на нацыянальным узроўні ўжо вычарпаныя, вы пакуль яшчэ можаце запоўніць адмысловы фармуляр на сайце ААН, затым адправіць на petitions@ohchr.org. Пасля паведамлення аб тым, што ваш зварот зарэгістраваны, ААН на працягу шасці месяцаў камунікуе з дзяржавай і вамі наконт гэтага кейсу. Паўгода – гэта мінімум. Пасля гэтага выносіцца адпаведная пастанова. І, як правіла, Лукашэнкавы чыноўнікі вымушаныя рэагаваць. Прынамсі фармальна. Паводле Арцёма Праскаловіча:

«Хаця для канкрэтнага чалавека па яго канкрэтнай справе хутчэй за ўсё ён не зможа дабіцца справядлівасці ўнутры краіны. Аднак дзякуючы гэтаму ён будзе ўсё ж такі ствараць умовы для таго, каб ці скараціць колькасць такіх выпадкаў, ці зрабіць так, каб іх увогуле не было».

Пра досвед падачы такой скаргі і рэакцыю ААН мы паразмаўлялі з беларускай, якой падчас разгону Плошчы-2010 году сілавікі зламалі нагу. Паводле Маі:

«Камітэт ААН прыняў пастанову, што пракуратура павінна разглядзець яшчэ раз маю скаргу і знайсці вінаватых, а таксама Беларусь павінна разглядзець яшчэ раз маю скаргу і зрабіць усё, каб знайсці вінаватых».

Гэты і дадатковыя звароты Маі ў Следчы камітэт вымусілі сілавікоў зноў адкрыць ейную справу. На адзін дзень. Следства скончылі ў той жа дзень: маўляў, тэрмін выйшаў. Майя, аднак, не шкадуе, што звярнулася ў ААН:

«Я бачу сэнс у тым, што ўсе злачынствы былі задакументаваныя і ёсць пацверджанні, і ўсё захавалася ў міжнародных структурах».

Беларускія праваабаронцы на міжнародным узроўні будуць супрацьдзеяць магчымай дэнансацыі рэжымам Лукашэнкі міжнароднай Дамовы аб падачы скаргаў у ААН. Раман Кісляк кажа:

«Застаецца працэдура звароту ў СІДО. Гэта камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Ёсць таксама працэдуры, якія не могуць быць наогул дэнансаваныя, гэта звароты ў рабочыя групы па адвольных затрыманнях і па гвалтоўных знікненнях. Ёсць працэдуры ў ЮНЕСКА, міжнароднай арганізацыі працы».

Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах у 92-м годзе. У адпаведнай дамове – 116 дзяржаваў-удзельніц. За амаль шасцідзесяцігадовую гісторыю існавання пакту яго дэнансавалі толькі Ямайка, Трынідад і Табага. Ад пакту фармальна не адмаўляецца і яшчэ адзін рэкардсмен у парушэнні ўсіх магчымых правоў чалавека – Паўночная Карэя.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»