Загадкавая смерць Канстанціна Шышмакова


Сёння спаўняецца год з афіцыйнай даты смерці Канстанціна Шышмакова. Дырэктара Ваўкавыскага музею знайшлі павешаным. Падчас прэзідэнцкіх выбараў Канстанцін як чалец выбарчай камісіі спрабаваў супрацьстаяць фальсіфікацыі вынікаў. Анастасія Русецкая.

Яму было ўсяго 29 гадоў. Гісторык Канстацін Шышмакоў працаваў дырэктарам вайскова-гістарычнага музею ў Ваўкавыску. Уся сям‘я ганарылася. Асабістым шчасцем былі жонка й малая дачка.

«Я вельмі добра ведаў Канстанціна. Ён быў маім студэнтам. Ён належыць да катэгорыі тых студэнтаў 2000-х гадоў, якія не баяліся, якія былі шчырымі, адкрытымі. Якія прагнулі ведаў, які былі нашай будучыняй і надзеяй», – казаў пра Канстанціна Шышмакова гісторык Генадзь Семянчук.

Падчас леташняй прэзідэнцкай кампаніі Шышмакова абралі чальцом участковай камісіі. Бацька Канстанціна ўзгадвае, што сын хацеў правесці сумленныя выбары хаця б на адным участку. А таму адмовіўся падпісваць пратакол галасавання як сфальсіфікаваны.

«Ён не хацеў яго падпісваць. Але на самой справе ягоны подпіс стаіць у пратаколе. Падманным шляхам яму далі. Ён падпісаў. Яго падманулі. Падпісаў у сярэдзіне дня пусты пратакол. А далей ужо справа тэхнікі», – распавядае бацька Канстанціна Андрэй Шышмакоў.

На прапанову «ўкінуць» 500 бюлетэняў за Лукашэнку таксама адказаў адмоваю.

15 жніўня пасля тыдня адпачынку Канстанцін выйшаў на працу. А вечарам таго ж дня патэлефанаваў сваёй жонцы і сказаў, што не будзе больш там працаваць і едзе дамоў. Пасля гэтага знік.

Гэта былі дні, у якія акцыі супраць гвалту адбываліся па ўсёй краіне. У Менску музейныя працаўнікі выйшлі з расцяжкаю «Дзе Канстанцін Шышмакоў?»

Да пошукаў зніклага далучыўся пошукава-ратавальны атрад «Анёл». 17 жніўня Канстанціна знайшлі павешаным на беразе Нёману побач з урочышчам Міхайлоўка. Вядома пра гэта стала 18 жніўня. І менавіта гэтая дата стаіць у пасведчанні аб смерці. Паводле заключэння медыкаў, гэта быў суіцыд у стане афекту. Бацька не верыць.

«У мяне шмат сардэчных дыягназаў. Але я не памру. Пакуль людзі не даведаюцца… Я гэтую праўду ўжо ведаю. Я размаўляў з людзьмі. Увогуле, нашай дзяржаве трэба зразумець, што нават самыя адданыя ёй людзі – і тыя рана ці позна пачнуць гаварыць. Гэта чалавечая натура такая. Праз нейкі час ніхто не зможа маўчаць. Яны раскажуць усё», – упэўнены Андрэй Шышмакоў.

Мінуў год, але дагэтуль у сям’і на руках няма ніводнага афіцыйнага заключэння, чым скончылася следства і якія высновы. Бацька звярнуўся ў Генеральную пракуратуру. Адказу пакуль не атрымаў.

У падзеях, звязаных са здушэннем паслявыбарчых пратэстаў, паводле праваабаронцаў, пры розных абставінах загінулі шэсць чалавек. Яшчэ 10 у гэты спіс дадае грамадства, Канстанцін Шышмакоў – сярод іх.

Анастасія Русецкая «Белсат»