«BYPOL» назваў прозвішчы тых, хто арганізаваў нелегальную міграцыю


Спакойна і мірна магла б выглядаць мяжа Беларусі з краінамі Еўразвязу. Аднак цяпер калючым дротам мусяць адгароджвацца ад Беларусі нашыя суседзі. Афіцыйны Менск арганізаваў нелегальную міграцыю ў сумежныя краіны Еўразвязу. Ініцыятыва «BYPOL» апублікавала расследаванне, у якім назвала імёны сілавікоў, адказных за міграцыйны крызіс. Спецаперацыю дзяржслужбоўцы назвалі «Шлюз».

«Яны, калі хочуць запускаюць гэтую аперацыю «Шлюз» – падымаюць шлюз, запускаюць мігрантаў у Еўропу, каб націснуць на палітыкаў для прыняцця станоўчых рашэнняў на карысць Беларусі», – распавёў «Белсату» Аляксандр Азараў, былы кіраўнік 3-га аддзелу ГУБАЗіК, а цяпер прадстаўнік «BYPOL».

Паводле звестак «BYPOL», распрацаваў спецаперацыю Іван Церцель (цяперашні старшыня КДБ) супольна з расейскімі спецслужбамі. З дазволу Лукашэнкі й міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова супрацоўнікі КДБ падбіраюць і разам з памежнымі службамі перапраўляюць нелегалаў.

Афіцыйны Менск выкарыстоўвае ўцекачоў у якасці зброі супраць Еўразвязу, – заявіла напярэдадні Анґела Мэркель ды запэўніла, што аб’яднаная Еўропа рыхтуе на гэта скаардынаваны адказ. Сёння пра гэта казалі й палітыкі Балтыйскіх краінаў.

«Рэчы трэба назваць сваім імем. Гэта гібрыдная атака. Выкарыстанне нелегальнай міграцыі ў якасці зброі – гэта пагроза бяспекі замежным краінам і парушэнне правоў чалавека, якое асуджаецца міжнародным правам. Атакуючы Літву, Латвію і Польшчу, Лукашэнка атакуе Еўрапейскі звяз. Мы павінныя супрацьстаяць гэтым атакам разам», – заявіў на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Літве спікер парламенту Эстоніі Юры Ратас.

Старшыня Еўрапарламэнту Давід Сасолі, які ў межах візіту ў Літву наведаў мяжу з Беларуссю, паабяцаў літоўскім уладам дапамагчы ва ўмацаванні бяспекі на мяжы:

«Мы мусім узмацніць нашыя высілкі, і я буду казаць пра гэта іншым еўрапейскім установам. За вось гэтай мяжой цяпер рэжым, які забівае свабоды і хоча ўступіць у супрацьстаянне з намі. Мы не можам сабе дазволіць, каб яго агрэсіўнасць засталася бяскарнай! Мы мусім даць адказ – з усёй рашучасцю. Як Еўрапейскі парламент, мы павінныя патрабаваць і мы патрабуем ад Менску вызваліць усіх палітвязняў і спыніць выкарыстанне мігрантаў як інструменту».

Дадатковую агароджу на мяжы з Беларуссю плануюць пабудаваць і польскія памежнікі. Толькі за палову жніўня яны затрымалі больш за дзве тысячы нелегальных мігрантаў.

Калі ж Менск пастановіць зачыніць «Шлюз»?

«Калі раней шлюз зачыняўся, калі ўлады атрымлівалі ад Еўропы тое, што яны хацелі: зняцце ці змякчэнне санкцыяў, атрыманне грошай на абсталяванне межаў – то цяпер не зразумела, але відаць, што ўлады не збіраюцца спыняць гэтую плынь», – кажа Аляксандр Азараў.

Афіцыйны Менск не толькі гэткім чынам цісне на Еўразвяз, але й добра зарабляе. Як сцвярджаюць інфармацыйныя крыніцы «BYPOL», з кожнага нелегальнага мігранта беларускі бок атрымлівае прынамсі 5 тысячаў еўраў:

«Ідуць грошы не ў дзяржаўную казну, а ў асабістыя кішэні злачынцаў, якія захапілі ўладу».

Лік уцекачоў ідзе на тысячы, а значыць, нелегальны даход – на мільёны еўраў.

Вольга Старасціна, «Белсат»