Барыс Гарэцкі: ператрус у БелаПАН – працяг расправы, у якой мы жывем увесь апошні год


У адзіную ў Беларусі незалежную інфармацыйную кампанію БелаПАН зноў прыйшлі сілавікі, а сайт БелаПАНу не адкрываецца ні ў Беларусі, ні за мяжой. Ператрус у шэрагу працаўнікоў інфармацыйнай агенцыі ўчынілі раніцай.

«Прыйшлі а 7-й раніцы, ператрус працягваўся каля дзвюх гадзінаў. Яго праводзілі працаўнікі Аддзялення барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. У пастанове на ператрус быў указаны артыкул 342 Крымінальнага кодэксу. Забралі ўсе лічбавыя носьбіты: камп’ютар, мабільны тэлефон, флэшкі, дыктафон і нататнік», – паведаміла журналістка БелаПАН Ірына Турчына.

Артыкул 342 Крымінальнага кодэксу – гэта «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», менавіта гэты артыкул значыўся ў пастановах на ператрус, у тым ліку і ў іншых працаўнікоў БелаПАНу.

«Нават калі гэта інфармацыйная агенцыя з дваццацігадовым стажам і адно са старэйшых медыяў у Беларусі – усё адно не схавацца ад рэпрэсіяў, не схавацца ад пераследу. Улады проста брутальна прыязджаюць, чыняць ператрусы, адпраўляюць журналістаў у ізалятары. Гэта працяг расправы, у якой мы жывем апошні год», – лічыць намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Апроч Ірыны Турчыной, ператрус адбыўся ў журналіста Захара Шчарбакова, намесніка рэдактара Аляксандра Зайцава, галоўнай рэдактаркі Ірыны Леўшынай. Апошнюю пасля ператрусу ў офісе кампаніі адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Пасля ператрусу і допыту там жа трымаюць былога дырэктара БелаПАНу Дзмітрыя Наважылава і бухгалтарку агенцыі Кацярыну Боеву.

Гэта не першая спроба ціску ўладаў на агенцыю. Сёлета ў студзені ў кампаніі БелаПАН ужо праходзіў ператрус. Яго рабілі ў межах крымінальнай справы супраць медыяменеджара Андрэя Аляксандрава, які раней працаваў намеснікам дырэктара БелаПАНу. Тады з офісу забралі носьбіты інфармацыі, дакументы й серверы, паралізаваўшы працу рэдакцыі. Пазней у кампаніі праходзіла фінансавая праверка. Працягам знішчэння беларускай медыясферы называе ператрус у БелаПАНе Барыс Гарэцкі.

«Але незалежная журналістыка захоўваецца, нельга сказаць, што незалежныя медыі знішчаныя. Вядома, многім прыйшлося выехаць, многім прыходзіцца працаваць у вельмі складаных умовах, але незалежныя медыі па ранейшаму ёсць, яны папулярныя і попыт на незалежную інфармацыю сапраўды вялікі».

Таму прыярытэтнай задачай Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі лічыць захаванне працаздольнасці рэдакцыяў, большасць з якіх займаецца журналістыкай з-за межаў краіны. Нягледзячы на тое, што й самую незалежную журналісцкую арганізацыю 27-га жніўня чакае судовае паседжанне з мэтай ліквідацыі, БАЖ плануе працягваць працу.

Ірына Дарафейчук, «Белсат».