Ці варта беларусам запасацца цукрам?


У сеціве з’явіліся відэа таго, як беларусы спешна разбіраюць цукар з крамных паліцаў – ажыятаж назіраўся ў Берасці і Пінску. Чыноўнікі ўжо адрэагавалі на навіны, маўляў, сфармаваны запас цукру дазволіць захаваць кошт прадукту. Вось толькі з пачатку года цана на гэты тавар у Беларусі вырасла амаль на 50 %. Інфляцыя ў краіне павышаецца нават не штодня, а штогадзіны. Якіх цэнаў чакаць беларусам найбліжэйшым часам, і ці знікнуць з крамных паліцаў пэўныя прадукты, разбіраемся з экспертамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусы размятаюць цукар з крамных паліцаў. Ажыятаж засведчаны на фота і відэа, што з’явіліся ў сеціве. На іх пакупнікі тоўпяцца вакол выкладзенага тавару або ў крамах стаяць пустыя стэлажы. Пра наяўнасць цукру ў продажы мы спыталі ў чытачоў «Белсату».

«Цукру мала зусім, амаль усюды. У “Еўраоптах”, у нас іх 3, усюды – яго мала засталося».

«Цукру ўчора нідзе не было. Толькі рафінад у кубіках».

«Цешча была амаль ва ўсіх крамах на ўсходзе гораду. Яна сочыва варыла. Цукру нідзе не было. Давялося купляць у кубіках. І канкрэтна я быў у “еўрыку” на Арлоўскай, цукру не было, каля цукровых паліцаў і паддона было шмат рассыпанага цукру. Такое адчуванне, што там была цукровая бойка».

Чыноўнікі адразу адрэагавалі на ажыятаж вакол цукру. Прадстаўнік «Белдзяржхарчпраму» запэўніў, што на заводскіх складах гэтага прадукту дастаткова для патрэбаў унутранага рынку. Больш за тое, «сфармаваны запас прадукцыі дае падставы для захавання цяперашніх цэнаў на цукар. А спрыяльныя ўмовы надвор’я дазваляюць экспертам рабіць аптымістычныя прагнозы на новы ўраджай цукровых буракоў».

Пра цэны выказаўся і прадстаўнік Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю: «Ніякіх рэзкіх скачкоў быць не можа. Рэкамендую кіравацца афіцыйнай інфармацыяй, а не чуткамі».

Паводле незалежных экспертаў, эпізод з размятаннем цукру з крамаў сапраўды не паказвае на магчымы дэфіцыт менавіта гэтага прадукту. Затое ён паказвае на спажывецкія чаканні. У любы эканамічна напружаны перыяд спускавым механізмам для ажыятажу вакол прадуктаў доўгатэрміновага захоўвання можа стаць звычайная чутка.

«Ёсць прорва непаразумення паміж народам і ўладай, шмат недагаворанасці, шмат хлусні, – лічыць эканаміст Аляксей Харкевіч. – Людзі гэта адчуваюць і разумеюць: калі нешта будзе адбывацца, яны даведаюцца пра гэта апошнімі, таму хвалепадобная рэакцыя, як цяпер з цукрам, можа выклікаць ажыятаж на іншыя прадукты ў іншых рэгіёнах».

У пакупнікоў сапраўды ёсць падставы чакаць найгоршага, нягледзячы на запэўніванні Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Той жа цукар з пачатку года падаражэў на 40 %. Калі параўнаць сярэднія цэны паводле Белстату за студзень і чэрвень, вялікае павышэнне цэнаў – на траціну і болей – адбылося і на іншыя прадукты.

Напрыклад, рыс падаражэў на 35 %. Гэтаксама і салодкі перац. Жывая рыба – на 46 %. Морква – на 59 %. Цыбуля – на 87 %.

Еўразійскі банк развіцця ацаніў гадавую інфляцыю ў Беларусі ў пачатку лета на 17,6 % супраць травеньскіх 17 %. Найбліжэйшыя месяцы, паводле экспертаў банку, ціск на цэны захаваецца. Толькі гэтая інфармацыя, так ці інакш, улічвае афіцыйныя дадзеныя з Беларусі.

«Відавочна, гэта падзенне эканомікі, гэта рэцэсія, – кажа кіраўнік Цэнтру Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук. – Я думаю, да канца гэтага года яна складзе каля 10 % ВУП. Але ці можна гэтым лічбам верыць? Не! Як нельга верыць лічбам наконт беспрацоўя, інфляцыі, заробкаў. Усе яны маюць прысмак ідэалогіі».

Цягам некалькіх дзён можна будзе зразумець, ці выпадковая сітуацыя з цукрам – або гэта частка больш прыкрага для пакупніка ланцужка падзеяў:

«Будуць пэўныя сігналы, якія з часам будуць усё гучней і гучней, і тады, як цяпер з цукрам людзі адчуваюць нейкую пагрозу для сябе, так мы будзем чуць ужо больш сур’ёзныя сігналы ў дачыненні буйнога бізнесу, аховы здароўя, будаўнічай сферы – таго, што крытычна важна».

Але ці могуць пэўныя прадукты знікнуць з беларускіх крамных паліцаў? Ці сапраўды варта закупляцца цукрам?

Паводле Аляксея, «з кожным месяцам імавернасць гэтага ўсё больш узрастае. Калі аналізаваць трэнды, рана ці позна мы да гэтага прыйдзем».

Тым не менш, найбліжэйшыя некалькі месяцаў сітуацыя наўрад ці моцным чынам зменіцца. Цукар будзе.

Ірэна Кацяловіч, «Белсат»