Фестываль беларускай кнігі «Прадмова» ў Варшаве


Беларусы замежжа ствараюць ажыятаж на беларускія кнігі. Фестываль «Прадмова» пасля Тбілісі і Кракава працягваецца ў Варшаве – і пакуль з тых кніг, што ён прывозіць на продаж у гарады з найвялікшымі беларускімі дыяспарамі, амаль нічога не застаецца.

Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» гэтым разам вымушана праходзіць не ў Беларусі, а ў чатырох гарадах з вялікімі беларускімі дыяспарамі. Чарговая частка, пасля Тбілісі і Кракава, у гэтыя дні адбываецца ў Варшаве. Апроч таго, што на пляцоўках «Прадмовы» ладзяцца творчыя вечары і дыскусіі, тут прадаюцца кнігі.

«Все, что могли купить, купили, потому что в Польше достаточно сложно купить беларусскоязычные книги – можно, есть несколько ИП-шников, которые возят через Allegro, есть магазин, который продает в том числе беларусскоязычные книги, но там очень ограниченный ассортимент, очень длинная доставка и сейчас не факт, что она вообще возможна после ареста Янушкевича», – распавяла Аня Краўчанка, наведніца фестывалю.

Сярод прапановаў на фестывалі – мастацкія творы, гістарычная літаратура, нон-фікшн і вельмі шмат дзіцячых кніг, што дарэчы для тых, хто з’ехаў з краіны разам з сем’ямі. Усё гэта спрэс прадукцыя незалежных выдавецтваў, акурат у час, калі незалежнае кнігавыдавецтва Беларусі амаль спынена ўладамі.

«Натуральна, калі адсачыць той трэнд, што адбываецца, вось з гэтым скасаваннем усяго незалежнага кнігагандлю ў Беларусі, то хутка ўстане наогул пытанне, ці будуць у Беларусі выдавацца нейкая кнігі, якія нават захочацца вывозіць па-за межы краіны», – паведаміў Павел Баркоўскі, суарганізатар «Прадмовы».

На «Прадмове» у Варшаве на продаж выставілі каля ста найменняў беларускіх кніг, і людзі паміж сабой раяць купляць іх найхутчэй, маўляў, хутка кніг не застанецца.

«Я ўдзельнічаў у Кракаве таксама ў мерапрыемствах: я быў проста здзіўлены, я сам купіў, можа, дзесяць кніжак, таму што гэта самыя свежыя, гэта мінулагоднія і гэтага года выданні, і вельмі шмат выданняў, якія атрымалі літаратурныя прэміі», – падзяліўся пісьменнік і журналіст Алесь Аркуш.

У Тбілісі аўтарскія кнігі разыходзіліся за 15-20 хвілін, а тое, што было прывезена на продаж, прададзена на 70 адсоткаў. У Кракаве «Прадмова» прадала некалькі сотняў кніг, наведнікі разабралі ад 80 да 90 адсоткаў прапанаванага.

«Я лічу, што гэта будзе ўтрымлівацца, паколькі ў Польшчы ёсць многа беларусаў, гаворыцца пра 150, нават 200 тысяч беларусаў, гэта ў асноўным тыя людзі, якім не чужая беларуская мова, якія любяць і цікавяцца беларускай літаратурай, а цяпер скажу так: на жаль, гэты трэнд будзе ўтрымлівацца», – перакананы Яраслаў Іванюк, старшыня фонду «Kamunikat.org».

У «Прадмовы» наперадзе яшчэ адзін горад. 25 і 26 чэрвеня імпрэзы фестывалю адбудуцца ў Вільні.

Ірэна Кацяловіч, Белсат