Беларусы маюць праблемы з ВНЖ ва Украіне


З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларусы, якія раней беглі туды жыць, сутыкнуліся з праблемаю легалізацыі. Яны кажуць, што не са сваёй волі парушылі правілы побыту ва Украіне і сталі закладнікамі сітуацыі. Міграцыйная служба Украіны пасля 24-га лютага часова перастала афармляць для грамадзянаў Беларусі дакументы, а на пачатку ліпеня пачала даваць штрафы і загады пакінуць Украіну.

Кацярына Церахава збегла з Беларусі ва Украіну летась увосень з палітычных матываў. Ейны легальны тэрмін побыту ва Украіне – а беларусам можна тут быць шэсць месяцаў на год – скончыўся яшчэ ў красавіку. Атрымаць від на жыхарства ў міграцыйнай службе дзяўчына не паспела: пачалася поўнамаштабная вайна.

«Мне дакладна сказалі: «На час вайсковага становішча нічога з краінаў Беларусі і Расеі, мы ніякіх дакументаў увогуле не прымаем. Сказалі, што вайна скончыцца і ваеннае становішча, ёсць яшчэ месяц на ўсё рыхтаванне гэтых дакументаў, то бок чакайце. І з краінамі-агрэсарамі не працуюць пакуль», – распавядае Кацярына Церахава, грамадзянка Беларусі.

У пачатку чэрвеня, гаворыць дзяўчына, міграцыйная служба ўсё ж пачала прымаць дакументы тых беларусаў, у каго пратэрмінаваны час побыту ва Украіне. Ведамства выпісвала штрафы і адпраўляла на часовы выезд з Украіны, расказвае пра досвед знаёмых беларусаў Кацярына. Цяпер ісці ў міграцыйную службу дзяўчына баіцца.

«Я гатовая штраф заплаціць, але галоўнае, каб мяне не выправілі, бо мне ўдома турма свеціць. Я не хачу сядзець. Мы, беларусы, дзелімся ж на дзве катэгорыі. Тыя, якія хадзілі на мітынгі, наш сцяг бел-чырвона-белы. Мы ідзём па праўду. І батальён Кастуся Каліноўскага абараняе Украіну. Тыя беларусы, якія ва Украіне – яны падтрымліваюць Украіну, ніяк не падтрымліваюць сілаў Лукашэнкі. Нас жа шмат валанцёраў. Я ў тым ліку – я дапамагаю пенсіянерам. Я ведаю, што я патрэбная Украіне, я магу зрабіць шмат, хацелася б проста змяніць да сябе стаўленне», – распавядае Кацярына.

У такой жа сітуацыі – не са сваёй волі парушыўшы тэрмін законнага побыту ва Украіне – апынулася і Ірына Цяцерына. Ейны муж Андрэй Цяцерын – украінец, а яна грамадзянка Беларусі. Прыехала ва Украіну восенню і ў канцы года пара ажанілася. Атрымаць від на жыхарства Ірына не паспела.

«Нам трэба ехаць у іншую міграцыйную службу, дзе, хутчэй за ўсё, нам паставяць штамп пра выезд. То бок не бярэцца да ўвагі, што цягам ста дзён не выконвалі паслугаў – і мы проста фізічна не маглі аформіць дакументаў. Мы не зможам выехаць, бо Іра – мая жонка, я грамадзянін Украіны, я не магу пакідаць краіны», – распавядае Андрэй Цяцерын, грамадзянін Украіны.

«Я з’ехала з Беларусі, я прыняла выбар жыць ва Украіне, я выйшла замуж за ўкраінца. І ракета з Беларусі магла проста забіць мяне і прыляцець у наш дом. Ясна, што я разумела ўсю сітуацыю, чаму Украіна так рэагуе. Але мы думалі, што дадуць хоць нейкі выбар з атрыманнем дакументаў. Выбару не далі», – дзеліцца Ірына Цяцерына, грамадзянка Беларусі.

У міграцыйнай службе пракаментаваць сітуацыю на камеру адмовіліся. Даслалі пісьмовы адказ, што яшчэ з пятнаццатага сакавіка некаторыя аддзелы міграцыйнай службы ў бяспечных раёнах аднавілі прыём замежнікаў.

З адказу на запыт «Белсату»: «Парадак дакументавання грамадзянаў Рэспублікі Беларусь у сувязі з увядзеннем ваеннага становішча ва Украіне не змяніўся. Любыя змены/новаўвядзенні ў парадку дакументавання замежнікаў публікуюцца на афіцыйным ўэб-сайце ДМС».

За парушэнне правілаў побыту ва Украіне ў Адміністратыўным кодэксе для іншаземцаў прапісаны штраф ад пяцідзесяці шасці да ста сямідзесяці чатырох долараў. Можа быць і выстаўленне з краіны. Згодна з дзейным заканадаўствам, тыя беларусы, хто пратэрмінаваў час побыту ва Украіне, змогуць заехаць у краіну зноў праз паўгода.

Марына Ступак і Сяргей Калодзій, Белсат