Пуцін і Лукашэнка vs санкцыі Захаду


Сітуацыя з затрыманымі ў Беларусі расейцамі хутка вырашыцца. Гэткія спадзевы выказаў Сяргей Лаўроў падчас сустрэчы з Уладзімірам Макеем. Што праўда, анансаваная для перамоваў тэма прымусовага прызямлення самалёта «Ryanair» у Менску ды справа Саф‘і Сапегі не была галоўнаю ў парадку дня.

«У нас, як я разумею, ёсць агульнае бачанне, як рухацца па ўсіх напрамках, у тым ліку ў інтэграцыйных пытаннях, у тым ліку ў вонкавапалітычнай каардынацыі». – заявіў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

Паводле расейскага міністра, Захад вядзе супраць Беларусі ды Расеі гібрыдную вайну. У адказ на еўрапейскія і амерыканскія санкцыі могуць быць уведзеныя абмежаванні для еўрапейскіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў, мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч:

«Акрамя таго, як сказаў Уладзімір Макей, «калі Еўропа, Захад будуць больш ціснуць на Беларусь санкцыямі, то ў адказ мы зробім так, што не будзе грамадзянскай супольнасці». То бок у перакладзе на нармальную мову Беларусь будзе пашыраць рэпрэсіі супраць беларускага грамадства».

На думку палітолага, расейскае падтрыманне ў выглядзе льготных коштаў на нафту і газ, ільготных умоваў экспарту беларускіх харчоў на расейскі рынак, крэдытаў – для Беларусі застанецца:

«З верасня мінулага года Пуцін 1,5 мільярда долараў паабяцаў крэдыту Беларусі. Вось ён іх і выдаў. Таму эканамічная падтрымка працягваецца».

Інфармацыйнае агенцтва «Reuters» паведамляе, што сектаральныя абмежаванні Еўразвязу закрануць нафтагазавы сектар, тэлекамунікацыі, калійную вытворчасць. Еўразвяз забараняе выдаваць Беларусі крэдыты, гандляваць каштоўнымі паперамі ды надаваць інвестыцыйныя паслугі. Істотныя эканамічныя абмежаванні для беларускага экспарту мусяць мацней ударыць па рэжыме. Рашэнне, аднак, добрага каштавала і краінам Аб’яднанай Еўропы.

«Унутры гэтага палітычнага рашэння велізарная колькасць еўрапейскіх краінаў, якія маюць свае інтарэсы ў Беларусі. І ім давядзецца наступаць на горла ўласнай песні ў тым ліку і што да калію – гэта датычыць балтыйскіх краінаў, якія грузяць свае парты. З гледзішча фінансаў гэта датычыць у першую чаргу Аўстрыі, што да нафты – гэта датычыць Нямеччыны», – заўважае судырэктар «Creative Politics Hub» Мікалай Халезін.

На наступным тыдні новыя санкцыі абяцаюць абвесціць ЗША, у панядзелак пабачым чацвёрты санкцыйны пакет Еўразвязу. Мікалай Халезін распавёў, што гэтым разам абмежаванні распрацоўвалі больш грунтоўна:

«Другі пакет абсалютна не ўлічваў увогуле нічога. Як мы ні намагаліся, у выніку мы атрымалі адпіску. Трэці пакет я назваў публічна аплявухай беларусам ад Еўропы, таму што гэта быў увогуле вельмі дзіўны адбор і персон, і структураў».

Пакуль эксперт не можа падзяліцца інфармацыяй пра асобаў, якія ўвойдуць у санкцыйныя спісы чацвёртага пакету. Паводле ж крыніцаў нашага тэлеканалу і выдання «Наша Ніва» гэта, між іншых, расейскі бізнесовец Міхаіл Гуцэрыеў, беларускія – Аляксей Алексін, Аляксандр Зайцаў, Сяргей Цяцерын, Аляксандр Шатроў. Агулам – 78 асобаў і восем прадпрыемстваў. Сёння ж Літва прапанавала на разгляд спіс яшчэ з 30 прозвішчаў.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»