Небывалы ўзровень рэпрэсій – у Беларусі паўтысячы палітвязняў


Да вясны мінулага года статус палітвязня ў Беларусі мелі тры чалавекі: Міхаіл Жамчужны, Іван Комар і Мікіта Емяльянаў. Цяпер спіс налічвае больш за паўтысячы асобаў. Сярод іх – восем замежных грамадзянаў.

Нечуваны рост колькасці зняволеных праваабаронцы звязваюць з пераследам палітычных апанентаў Лукашэнкі падчас прэзідэнцкай кампаніі ды спробамі застрашыць удзельнікаў пратэстаў у паслявыбарчы перыяд.

«Узровень рэпрэсій проста небывалы для Беларусі. Хаця колькі ўсяго перажыла Беларусі, пачынаючы ад гвалтоўных знікненняў апанентаў прэзідэнта Лукашэнкі ў 1999–2000-х гадах, заканчваючы ўсімі плошчамі, збітымі людзьмі», – зазначае Вікторыя Фёдарава, прадстаўніца Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі.

Статус палітвязня надаюць незаконна асуджаным з палітычных матываў. Ён дазваляе зрабіць асобу заўважнай для міжнароднай супольнасці і змагацца за яе вызваленне.

Асаблівую занепакоенасць праваабаронцаў цяпер выклікае стан палітычных вязняў у месцах зняволення. Заўчасная смерць Вітольда Ашурка ў Шклоўскай калоніі нібыта ад спынення сэрца, спроба самагубства Сцяпана Латыпава падчас суда, на якім ён заявіў пра катаванні ў следчым ізалятары, рашэнне Дзмітрыя Кулакоўскага праглынуць лыжку, каб да яго нарэшце выклікалі медыкаў… Гэта толькі некаторыя выпадкі, якія дэманструюць безабароннасць вязняў за кратамі.

«Пра гэта не гавораць, але ў кожнага з родных палітвязняў мільгала думка, што ён таксама можа атрымаць такі ж званок, як сям’я Вітольда Ашурка, які быў цалкам здаровы і тут нечакана памёр ад сардэчнага прыступу», – падкрэслівае Вольга Севярынец, жонка палітвязня Паўла Севярынца.

Пра новыя выпадкі катавання, гэтым разам у Магілёўскай калоніі № 15, стала вядома ад родных Арцёма Анішчука. Яго асудзілі на два гады зняволення за пашкоджанне аўтамабіля жонкі міліцыянта. Арцёма трымаюць у адзіночнай камеры, не дапускаюць адвакатаў, не перадаюць лістоў. Вязню пагражалі павешаннем, згвалтаваннем гумовым дручком. Каб спыніць здзекі, ён таксама праглынуў металічныя прадметы.

«Генеральная пракуратура правяла праверку і сказала, што мой муж хацеў проста паляжаць у больніцы. «Проста» – чалавек у больніцу ніколі не захоча, значыць, яго катавалі, гэта яшчэ адзін доказ таго, што яго там сапраўды катавалі, пагражалі і катуюць дагэтуль», – кажа Вольга Анішчук, жонка Арцёма Анішчука.

Паспрыяць вызваленню вязняў могуць санкцыі Еўрапейскага Звязу і ЗША ў дачыненні беларускіх службовых асобаў і прадпрыемстваў. Імаверна, першая рэакцыя на іх – прапановы палітычным зняволеным пісаць прашэнні аб памілаванні, каб атрымаць амністыю.

«Мы, вядома, упэўненыя, што ўсіх не вызваляць. Асноўных праціўнікаў рэжыму: Ціханоўскага, Бабарыку, Калеснікаву, блогераў будуць трымаць да апошняга і выкарыстоўваць у гандлі з Еўразвязам і іншымі краінамі», – сцвярджае Вікторыя Фёдарава.

Падтрымаць жа вязняў можна праз лісты ды паштоўкі. У нядзелю, 20 чэрвеня, Арцём Анішчук мусіць адзначыць свой трыццаць трэці дзень народзінаў. Вольга просіць павіншаваць мужа, каб ён разумеў, што пра яго ведаюць і памятаюць на волі. Дасылаць лісты можна на адрас: 213105 г. Магілёў, ПК №15, Слаўгарадская шаша, 183, П/А Вейна.

Марыля Дакуцька, «Белсат»