Дзяржабвінаваўца Касьянчык – цяпер «пацярпелая»


Працэс за парушэнне раўнапраўя грамадзянаў пачаў разглядаць суд Заводскага раёну Менску. Вольгу Сінялёву абвінавачваюць у датэрміновым разарванні дамовы аб арэндзе кватэры з памочніцаю пракурора Алінаю Касьянчык. На просьбу абвінаваўцы працэс зрабілі закрытым, таму прысутныя мусілі пакінуць залу.

«Абсалютна абсурдная, неправамерная справа… Надзеі ў мяне няма. Надзеі няма, але я хіба што спадзяюся, што будзе не вельмі суворы прысуд, бо ў мне малое дзіця, якое я яшчэ кармлю», – пракаментавала абвінавачаная Вольга Сінялёва.

Менавіта Аліна Касьянчык патрабавала пакараць нашых журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову 2 гадамі калоніі за стрым з плошчы Пераменаў. І акурат яна ж выступала абвінаваўцай у крымінальнай справе за надпіс «Не забудзем» непадалёк ад месца забойства Аляксандра Тарайкоўскага.

«Лічу, што можна назваць гэтую справу палітычнай. Чаму? Ну, відавочна, што сутнасць абвінавачвання звязана выключна з асобай пацярпелай. Калі б на яе месцы быў звычайны цывільны чалавек, гэтай справы ніколі ў жыцці б не ўзбудзілі», – выказаўся пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Андрэй Мачалаў.

І тым не менш, суд аб кватэрным пытанні так і не адбыўся. Адваката Андрэя Мачалава пазбавілі ліцэнзіі – пра гэта ён даведаўся проста на паседжанні. Мачалаў, як і Касьянчык, браўся за шматлікія палітычныя справы. У тым ліку ён абараняў Кацярыну Барысевіч і Кацярыну Андрэеву. Падставаю для пазбаўлення ліцэнзіі, меркавана, стаўся гэты каментар адваката ў справе палітзняволенай Вольгі Залатар.

«Да яе ўжывалі катаванне, я асабіста быў сведкам, я бачыў усе гэтыя сінякі, кровападцёкі. Яе білі па галаве, яе душылі, яе клалі на зямлю і прыціскалі нагамі да падлогі», – каментаваў Андрэй Мачалаў сёлета 2 красавіка.

Максімальна магчымы штраф – 500 базавых або 14 тысяч 500 рублёў – атрымаў рэдактар сайту «Hrodna.life» Аляксей Шота за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. За той жа фотаздымак штрафам 25 базавых суд пакараў і журналістку Ірыну Новік. Рэдакцыя настойвае, што спрэчны фотаздымак быў апублікаваны памылкова і хутка выдалены. Раней Аляксея Шоту ўжо штрафавалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў на 400 базавых. У рэдакцыі не атрымалася ні абскардзіць тую судовую пастанову, ні растэрмінаваць аплату.

«Мы заўсёды пісалі, што белае – гэта белае, чорнае – гэта чорнае, То бок дастаткова бескампрамісна, таму гэта можна разглядаць як помсту, спрабуюць закрыць рот тым, хто няўгодны. У нашым выпадку задушыць эканамічна вельмі вялікімі штрафамі», – пасля суду выказаўся рэдактар «Hrodna.life» Аляксей Шота.

Уладальніцу гарадзенскай крамы «Адметнасць» Вольгу Верамеенку пакаралі, абвінаваціўшы ў пікетаванні ў ейнай краме. Выязны суд праходзіў у аддзеле Ленінскага РАУСу. Штраф на больш за дзве тысячы рублёў Вольга будзе абскарджваць. Трэцяга чэрвеня ў краму «Адметнасць» прыйшоў спецыяліст з аддзелу ідэалогіі, пасля – санстанцыя, а пасля і АМАП. Сілавікі забралі частку прадукцыі, а гаспадыню затрымалі на трое содняў.

«Я не разумею ўсё роўна, за што мяне затрымалі, якое было пікетаванне, якое масавае мерапрыемства, калі я была ў краме адна, калі я не збіралася пікетаваць. З 2018 года я там працую, таксама супрацоўнікі РАУСу прыходзілі неаднаразова да нас у краму», – распавяла гаспадыня крамы «Адметнасць» Вольга Верамеенка.

У Віцебску пачаўся судовы працэс за каментары ў «Тэлеграме» на адрас камандзіра менскага АМАПу Дзмітрыя Балабы. Маўляў, выказванні неслі абразлівы характар. Абвінавачаны Вадзім Ермаловіч даў падпіску аб нявыездзе, але ў красавіку быў затрыманы на мяжы з Літвою. З таго часу яго ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА-2.

«Віну ён сваю прызнае, бо іншага выйсця няма ў дадзены час. Трымаўся ён дастойна, але стан прыгнечаны, у СІЗА не першы месяц, канечне, і тым больш пры перасячэнні ён патрапіў пад канкрэтны прэсінг», – распавёў бацька абвінавачанага Алег Ермаловіч.

Паўтара года калоніі нібыта за парушэнне грамадскага парадку і непадпарадкаванне прадстаўнікам улады атрымаў жыхар Рэчыцы Максім Ялканаў. Суд Цэнтральнага раёну Гомля цалкам задаволіў просьбу пракурора, хаця хлопец прызнаў сваю віну і раскаяўся.

«Чалавек ні ў чым не вінаваты, а пасадзілі, на паўтара года пасадзілі. За што? За званкі!», – пракаментаваў стрыечны брат асуджанага Арцём.

Летась пасля выбараў прэзідэнта Максім праз тэлефон запрасіў сваякоў сустрэцца ў цэнтры Рэчыцы, а затым усе разам яны накіраваліся ў Гомель. Там хлопцы не паспелі стаць нават сведкамі пратэстаў, бо іх затрымалі амаль адразу па выхадзе з машыны.

Ірына Карніенка, «Белсат»