У Горадні пачаўся суд па «справе Аўтуховіча». Што вядома на дадзены момант?


Ветэран афганскай вайны, узнагароджаны ордэнам і медалямі, прадпрымальнік, грамадскі актывіст. Для рэжыму Лукашэнкі – экстрэміст, які стварыў тэрарыстычную групоўку і кіраваў ёй. Супадзенне ці не – сёння, у першы дзень суда ў справе Мікалая Аўтуховіча, Лукашэнка падпісаў закон, паводле якога за ЗАМАХ на тэрарызм могуць расстраляць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пры тых эпізодах, якія спрабуюць інкрымінаваць Мікалаю, ніхто не пацярпеў, тым больш не загінуў. Якое можа быць смяротнае пакаранне? І судовая практыка, і юрыдычная навука кажуць, што немагчыма вынесці такі прысуд. Сёння заканадаўства мяняецца такім чынам, што нават думкі пры жаданні можна трактаваць як замах на тэрарыстычную дзейнасць і за гэта прымяніць смяротнае пакаранне», – кажа праваабаронца Васіль Завадскі.

Інкрымінуюць жа Мікалаю Аўтуховічу і яшчэ адзінаццаці фігурантам справы больш за 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Шэсць з іх – асабліва цяжкія злачынствы. Сярод абвінавачанняў – садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці, спроба захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам, дзяржаўная здрада. Усіх фігурантаў на слуханні размясцілі ў асобныя клеткі-«стаканы», а само пасяджэнне зрабілі на тэрыторыі гарадзенскай турмы нумар адзін. На нібыта адкрыты працэс пусцілі толькі дваіх сваякоў і журналістаў праўладных СМІ.

Судовы працэс над «групай Аўтуховіча». Горадня, Беларусь. 18 траўня 2022 года.
Фота: БелТА

«Не дапусціць туды людзей, якія хацелі б прысутнічаць і пачуць усё сваімі вушамі. Гэта ўскосна сведчыць пра тое, што няма дастатковых доказаў, таму неабходна нешта хаваць», – мяркуе праваабаронца Васіль Завадскі.

Паводле версіі следства, так званая групоўка Аўтуховіча знішчала аўтамабілі і дамы міліцыянтаў, рыхтавала тэрарыстычную аперацыю дзеля захопу ўлады. На дзяржаўным тэлебачанні паказалі фільм «Тротил протеста». У ім распавялі пра цэлы арсенал зброі, нібыта знойдзены ў Аўтуховіча і паплечнікаў. Пасля затрымання Аўтуховіча ператрус прайшоў і ў спадарыні Алены, знаёмай Мікалая.

«Копію пратаколу ператрусу я дагэтуль не атрымала. Асоба, якая прысутнічала пры ператрусе, мой знаёмы, сказаў, што не заўважыў, каб у мяне нешта там знайшлі, штосьці там вынялі. Вось такія склады са зброяй былі паказаныя ў фільме, мая Ратамка, на якой таксама нічога не знайшлі», – распавядае Алена, знаёмая Мікалая Аўтуховіча.

Сярод іншых несупадзенняў – інфармацыя пра ліставанне, якое і стала сведчаннем злачынных планаў.

«Я ведаю, што ў Мікалая была іншая аватарка ў тэлеграме, і ўся гэтая перапіска цалкам зробленая, сфабрыкаваная», – распавядае Алена, знаёмая Мікалая Аўтуховіча.

Фігуранты тэрарыстычнай групоўкі – Павел Сава, сваяк Мікалая Аўтуховіча, іншыя ягоныя знаёмыя: праваслаўны святар Сяргей Разановіч з жонкаю і сынам, пенсіянерка Галіна Дзербыш, баранавіцкі пенсіянер з інваліднасцю Уладзімір Гундар, грамадскія актывісткі Вольга Маёрава, Ірына Гарачкіна, гарадзенец Віктар Снягур. Сам Мікалай Аўтуховіч раней ужо адбыў за кратамі 7 гадоў і 5 месяцаў. Яго асудзілі за нібыта нявыплату падаткаў і парушэнне прадпрымальніцкай дзейнасці, пазней яшчэ прызналі вінаватым у незаконным захоўванні зброі.

«Мікалай Аўтуховіч правёў частку свайго жыцця за кратамі, двойчы яго прызнавалі палітвязнем, улады ведаюць, што гэта паслядоўны чалавек, а не палітык, які кідае словы на вецер, а пасля забывае», – кажа Сяргей Марцэлеў, паліттэхнолаг.

«Першы раз яго пакаралі пасля таго, як ён пачаў змагацца з карупцыяй у сваім рэгіёне, у Ваўкавыску, апроч гэтага ён спрабаваў стаць народным дэпутатам. Вылучаўся і ўдзельнічаў у выбарах. Як мы ведаем, гэта само па сабе ў нашае краіне злачынства», – кажа праваабаронца Васіль Завадскі.

Пасля падзеяў 2020-га Мікалай Аўтуховіч не з’язджаў з Беларусі, хаця ўлады яго пераследавалі. Разгляд справы ў судзе зойме некалькі месяцаў, за якія набудзе моц закон аб дазволе нормы расстрэлу за замах на тэракт.

Юлія Лабанава, «Белсат»