Турцыя шантажуе саюзнікаў Альянсу


Турцыя заблакавала пачатак перамоваў аб уваходзе Швецыі і Фінляндыі ў блок NATO. А для прыняцця новых краінаў у Альянс мусіць быць згода ўсіх чальцоў. Афіцыйна прэзідэнт Турцыі Эрдаган вінаваціць Стакгольм і Хельсінкі ва ўкрыванні тэрарыстаў з Працоўнай партыі Курдыстану. Але вядома, што Анкара хоча не толькі экстрадыцыі тых, каго яна лічыць тэрарыстамі, але і атрымаць найноўшыя амерыканскія знішчальнікі і зняць санкцыі ЗША, што не дазвалялі Турцыі купляць у Расеі сістэмы С-400. Ці здолеюць туркі выгандляваць штосьці ў хаўруснікаў – мы абавязкова раскажам і пакажам. А пакуль распавядзем, чаму шведы і фіны пастанавілі адмовіцца ад нейтралітэту – і ў чым сутнасць Паўночнаатлантычнага альянсу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гістарычны дзень! Сёння ў брусельскай штаб-кватэры NATO амбасадары Швецыі і Фінляндыі афіцыйна падалі заяўку на ўступленне іх дзяржаваў у Паўночна-атлантычны Альянс.

«Кожная нацыя ў праве выбіраць уласны шлях. Вы зрабілі свой выбар у выніку дэмакратычных працэсаў, і я шчыра вітаю просьбы Фінляндыі і Швецыі аб уваходзе ў NATO», – падзякаваў амбасадараў генсек NATO Енс Стольтэнбэрг.

Пры гэтым і Швецыя, і Фінляндыя самі будуць выбіраць, якія базы і ўзбраенні з’явяцца на іх тэрыторыі.

«Найважнейшая нашая праца ў NATO – абараняць нашую краіну і сачыць за бяспекай усяго скандынаўскага рэгіёну. Вельмі важна, што Швецыя прымае рашэнне разам з намі», – заявіла прэм’ер-міністр Фінляндыі Санна Марын.

Да пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскія лабісты і агенты ўплыву настойвалі на «фінляндызацыі Украіны» – прымусовым нейтралітэце Кіева і ўзгадненні сваёй замежнай палітыкі з Масквой. А ў выніку атрымалася «украінізацыя» Фінляндыі і Швецыі.

«Вайна ва Украіне паказала чыстую жорсткасць расейскіх салдатаў – і гэта ўзмацніла страхі шведаў. Людзі сталі думаць, што будзе са Швецыяй пасля сканчэння вайны ва Украіне, перадусім, што будзе са стратэгічным востравам Готлянд у Балтыйскім моры», – тлумачыць кіраўніца аддзелу даследаванняў Шведскага ўніверсітэту абароны Малена Брыц.

Адкрытае ўварванне ва Украіну Уладзімір Пуцін зараней апраўдваў пагрозай пашырэння блоку NATO, патрабаваў раскалоць альянс на старых і новых удзельнікаў і прасіць у Крамля дазволу на перамяшчэнне кантынгенту.

«Ніводнай цалі на ўсход – сказалі нам у 1990-ыя гады. І што? Ашукалі. Проста нахабна падманулі. 5 хваляў пашырэння NATO», – паказушна абураўся Пуцін 23 снежня.

На сёння ў NATO пакуль яшчэ 30 дзяржаваў – ад ЗША да Чарнагорыі. Апошняй да Альянсу далучылася Паўночная Македонія. І вось пачынаецца шостая хваля пашырэння блоку. А што Пуцін?

«Фінляндыя, Швецыя: у Расеі няма праблема з гэтымі дзяржавамі. Таму ў гэтым сэнсе непасрэднай пагрозы для нас – пашырэння блоку за кошт гэтых краінаў, – для Расеі не ствараецца», – апраўдваўся Пуцін перад сваімі саюзнікамі на саміце АДКБ.

Пасля распаду Савецкага Саюзу Альянс змяняў канцэпцыю абароны і нават не разглядаў Расею як пагрозу. 20 гадоў таму Расея была партнёрам Альянсу ў межах праграмы «Партнёрства дзеля міру», дапамагала лагістыкай падчас ваеннай аперацыі ў Афганістане, нават у перавозцы натаўскіх грузаў сваімі ваенна-транспартнымі самалётамі. Пасля захопу Расеяй часткі Грузіі супраца рэзка скарацілася. Анексія Крыму, гібрыдныя войскі ў Данецку і Луганску і адкрытае ўварванне паставілі крыж на любой супрацы NATO і Масквы.

Больш за тое, Швейцарыя, якая лічыцца эталонам нейтральнай міжнароднай палітыкі, пасля нападу Расеі на Украіну змяніла сваю пазіцыю. Цяпер швейцарскія палітыкі, выбарцы і вайскоўцы сур’ёзна абмяркоўваюць пашырэнне супрацы з NATO. Пакуль што без уваходу ў Альянс.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»