Яшчэ больш улады сілавікам

Сакратарыят Савету бяспекі станецца дзяржаўным органам. Новую пастанову пра яго працу падрыхтуюць за паўтара месяца. Пра гэта паведамілі па выніках нарады ў Палацы Незалежнасці.

У дакуменце адлюструюць і некаторыя нормы дэкрэту нумар два, створанага на выпадак смерці прэзідэнта. Сёння Лукашэнка разгорнута тлумачыў яго падпісанне, спасылаючыся на вонкавыя пагрозы:

«Супраць нас працуюць сёння з вялікім досведам спецслужбы. Мы яшчэ немаўляты ў параўнанні з імі. І нам трэба выстаяць. Мы выстаім, калі мы не расслабімся».

Гэтак, у выпадку гвалтоўнай смерці прэзідэнта, Савет бяспекі мае абвесціць надзвычайны або ваенны стан, зарганізаваць новыя выбары. Пастановы Савет бяспекі будзе выносіць патаемным галасаваннем. Паводле Лукашэнкі, дэкрэт, што нібы засцерагае ад захопу ўлады ў выніку мяцяжу, мае часовы характар і можа быць адменены пасля выбараў наступнага прэзідэнта.

«Уявіце тую сітуацыю, зыходзячы з досведу мінулага года. Што адбудзецца ў краіне? Нецяжка спрагназаваць. Я магу. І вось на гэты перыяд будзе дзеяць дэкрэт. Вядома ж, калі выберуць новага прэзідэнта, то адпадзе неабходнасць у гэтым дакуменце – ён будзе адменены», – кажа Лукашэнка.

Раней Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб дзяржаўнай абароне» і «Аб змене законаў у пытаннях нацыянальнай бяспекі». Цяпер асобы сілавікоў могуць быць засакрэчаныя, і яны не будуць несці адказнасці за ўжыванне сілы, спецсродкаў і зброі, калі таго патрабуе «абарона канстытуцыйнага ладу і дзяржаўнага суверэнітэту».

Адмыслоўцы жа звязваюць імклівае павелічэнне правоў і паўнамоцтваў сілавога блоку перш за ўсё з асабістым страхам Лукашэнкі страціць уладу.

«Тыя, хто яго запужваюць, працуюць эфектыўна. Таму і дэкрэт, які анансаваўся як хіба не галоўны дакумент апошніх часоў, апынуўся банальна дакументам пра асабістую бяспеку Лукашэнкі і бяспеку ягонай улады. Нічога дзіўнага» – распавядае палітолаг Сяргей Нікалюк.

Заўтра ж Дэкрэт нумар два будуць разглядаць на супольным паседжанні Палаты прадстаўнікоў, якая, што праўда, можа толькі прыняць яго да ведама, ды Савету Рэспублікі.

Алесь Баразенка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама