Палітычныя прысуды


Наваполацку затрымалі Алену Радзькову, былую давераную асобу Святланы Ціханоўскай. Алену затрымалі, калі яна вяла дзіця ў садок. Таксама сёння працягнуліся суды ў крымінальных справах, звязаных з пратэстамі супраць міліцэйскага садызму.

Суддзя Ленінскага раёну Берасця Аляксандр Семянчук сёння цалкам задаволіў пажаданні пракурораў. І вынес прысуд у справе так званых «берасцейскіх партызанаў». Яўген Камбуль – 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, Сяргей Сіліч – 4, Максім Пыцель – 3 гады, Максім Сілюк – 2 з паловай, Сяргей Красоўскі і Вольга Сыраватка – 2 гады, Уладзімір Кацюбка – паўтара года, Наталля Барынава і Наталля Муратава – па году калоніі. Марына Сілянок атрымала паўтара года так званай «хіміі» – абмежавання волі.

«Лічу гэта несправядлівым, бо Максім па сутнасці ні ў чым не вінаваты, быў сведкам, ні ў чым не ўдзельнічаў. Дапамог, падвёз… І ёсць малое дзіцё. Нічога не ўлічылі, нікога не пашкадавалі», – кажа Лілія Баярынава, грамадзянская жонка асуджанага Максіма Сілюка.

Суддзя Семянчук вядомы даўнім удзелам у палітычна матываваных крымінальных і адміністратыўных справах. Такія жорсткія выракі ён вынес паводле артыкулу «злоснае хуліганства» – за вывешаныя пудзілы з надпісамі «мент» і «ОМОН», закіданы яйкамі і камянямі апорны пункт міліцыі, размаляваны кіёск «Табакерка» і падпаленыя ноччу на пустой дарозе 3 шыны. А таксама паводле артыкулу «наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартных шляхоў» – за замыканне чыгуначных рэек металічнай дротам.

«Ёсць дзяўчыны, якія не ведалі, на што ідуць… Яны толькі зрабілі тыя лялькі. Нікуды не ездзілі, нічога не рабілі. І абедзвюм далі пазбаўленне волі, у абедзвюх ёсць малыя дзеці», – кажа Лілія Баярынава.

Суддзя Цэнтральнага раёну Менску Вікторыя Шабуня, вядомая палітычнымі прысудамі, асудзіла Сяргея Капанца на 5 з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Сяргей пачуў вырак з абсалютным пачуццем таго, што невінаваты. Гэта было бачна», – кажа Наталля Якімава, сваячка Сяргея Капанца.

Сяргея Капанца прызналі вінаватым у дапамозе ў арганізацыі масавых беспарадкаў, бо ён дасылаў тэлеграм-каналу Сцяпана Пуцілы «Нехта» інфармацыю і відэа аб перамяшчэнні спецтэхнікі сілавікоў 9 жніўня ды каардынаваў рух людзей да раённай адміністрацыі пасля закрыцця выбарчых участкаў.

У судзе Маскоўскага раёну сталіцы працягнуўся суд у справе «лазерных указак». Дырэктара фірмы «Тэхнакратыя» Дзмітрыя Канапельку і яшчэ трох чалавек абвінавачваюць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, бо яны нібыта куплялі лазерныя ўказкі, каб пратэстоўцы сляпілі міліцыянтаў.

«Тыя ўлікі, якія сёння прадставілі, усе эмацыйныя размовы, якія не пацвярджалі гвалтоўных дзеянняў адносна працаўнікоў, якія ўжылі такі гвалт, які людзей шакаваў». – кажа Святлана Ермалаева, маці аднаго з падсудных.

У Бабруйску на паўтара года «хатняй хіміі» – абмежавання волі па месцу жыхарства – асудзілі Сяргея Гурло, мясцовага лідара Беларускага незалежнага прафсаюзу. Суддзя Антон Дудаль прызнаў яго вінаватым у абразе мясцовых міліцыянтаў у чаце аднаго з тэлеграм-каналаў, і абавязаў выплаціць пацярпелым кампенсацыю па тысячы рублёў.

«35 гадоў без 3 месяцаў адпрацаваў на «Белшыне» на гэтую злачынную дзяржаву і ланцуговых сабакаў гэтага рэжыму. І яшчэ ім па тысячы выплочваць з пенсіі», – абураецца Сяргей Гурло.

Суд быў закрытым. У Сяргея Гурло канфіскавалі мабільнік, як прыладу злачынства.

«Яны ўвогуле думаюць, калі заяўляюць гэтыя сумы? Магчыма, па іх заробках гэта адпаведная сума», – каментуе Галіна Смірнова, актывістка незалежнага прафсаюзу РЭП.

У судзе Фрунзенскага раёну сталіцы штраф 200 базавых велічыняў – гэта 5800 рублёў прысудзілі кардыёлагу Вользе Карнеевай, за тое, што яна ўсклала кветкі да народнага мемарыялу Аляксандру Тарайкоўскаму, забітаму сілавікамі ў першыя дні пратэстаў.

«Пазіцыя маёй падабароннай была непрызнавальная, яна настойвала, што яе дзеянні не з’яўляюцца пікетаваннем, яны не звязаныя з дэманстрацыяй пратэсту ці грамадска-палітычных поглядаў«, – тлумачыць адвакатка Вольгі Карнеевай Марына Юдзенка.

Вырак у адміністратыўнай справе вынесла суддзя Марыя Ярохіна.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».