Аблава сілавікоў на незалежныя медыі


У дачыненні гендырэктаркі TUT.by Людмілы Чэкінай і галоўнай бухгалтаркі парталу Анжэлы Асад пачалі крымінальную справу за ўхіленне ад выплаты падаткаў. Дэпартамент фінансавых расследаванняў паведамляе, што TUT.by атрымаў прыбытак, «не абумоўлены дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогіяў».

«Праца рэдакцыі, мякка кажучы, ускладненая і адсутнасцю доступу да сайту, і тым, што скралі людзей», – непакоіцца сузаснавальнік TUT.by Кірыл Валошын.

Калі галоўную рэдактарку парталу Марыну Золатаву выводзілі пасля ператрусу кватэры праз чорны ход, яна паспела паведаміць, што таксама можа быць фігуранткаю. У Марыны забралі ноўтбук, яе саму затрымалі.

Ператрусы ў рэгіянальных офісах завяршыліся выманнем тэхнікі і дакументаў. Ператрус у галоўным офісе працягваўся і на момант рыхтавання матэрыялу. Сілавікі прыйшлі да некалькіх працаўнікоў. Пасля ператрусу затрымалі журналістку Дар’ю Брыль. Рэдактаркі Ганна Рудэнка і Вольга Саўкіў на волі – у іх забралі ўсю тэхніку і банкаўскія карткі. Але сілавікі затрымалі прынамсі 14 чалавек. Сярод іх – журналістка Алена Талкачова.

Заблакавалі ўсе сайты і сэрвісы TUT.by. Фармальная прычына блакавання – размяшчэнне інфармацыі ад імя Фонду салідарнасці BySol, які дапамагае рэпрэсаваным беларусам. Але некаторыя люстэркавыя старонкі працуюць з-за мяжы і праз VPN.

«Пры немагчымасці, уласна кажучы, напаўняць менавіта сайт інфармацыяй, мы будзем вымушаныя публікаваць там, дзе мы можам публікаваць, адпаведна ў сацсетках, у прыкладаннях мабільных. Паспрабуем ладзіць люстэркі нейкія», – каментуе сітуацыю Кірыл Валошын.

Яшчэ адзін партал, у офіс якога прыехалі сілавікі, – av.by. Гэта буйны аўтамабільны сайт, афіляваны з парталам TUT.by. Арыштавалі, а потым адпусцілі яго дырэктара Дзмітрыя Гераніна, грамадзяніна Расеі. Затрымалі і дырэктара хостынг-правайдэру hoster.by Сяргея Павалішава, таксама звязанага з TUT.by.

«Думаю, яны разглядаюць іх як адную кампанію, і цяпер проста фабрыкуецца вялікая крымінальная справа, паводле якой будуць затрыманыя, мабыць, і дзясяткі затрыманых», – лічыць намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Ці ўяўляюць беларусы жыццё без незалежных медыяў? Вось што адказалі жыхары Менску:

«Гэта, безумоўна, важна, бо людзі павінны ведаць, што адбываецца ў краіне».

«Важна, але ўсё роўна гэтага не будзе. Усё роўна гэтага не будзе. Пакуль сядзіць – ён гэтага не дапусціць».

«Мяне цалкам задавальняе тое, што я гляджу тэлевізар».

«Прынцыпова важна, таму што па тэлебачанні адкрыта дзіўныя рэчы распавядаюць».

TUT.by – самы папулярны партал навінаў у Беларусі. Яго ахоп інтэрнэт-аўдыторыі ў краіне – больш за 60 %. У мінулым месяцы на яго заходзілі ў 10 разоў часцей, чым на сайты асноўных канкурэнтаў. Што можа здарыцца, калі партал зачыняць?

«Гэта каласальны ўдар па бізнесе, па рэкламным бізнесе. І таксама, мне здаецца, што цяпер рэкламу не панясуць на ОНТ і БТ – не, вядома. Будуць карыстацца нейкімі міжнароднымі пляцоўкамі», – упэўнены публіцыст Севярын Квяткоўскі.

Затрымалі і журналістаў, якія прыехалі асвятляць сітуацыю да офісу TUT.by: Аляксандра Чарнуху, Арцёма Маёрава і Дар’ю Буракіну. Таксама на сувязь доўга не выходзіла ўдава Юрыя Зісера, заснавальніка TUT.by, Юлія Чарняўская. Яе знайшлі ў шпіталі пад канвоем. Юлія перанесла гіпертанічны крыз. Чаму сілавікі прыйшлі да яе дадому – не вядома.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»