«Белляспаперпрам» страціў праз санкцыі 40 % экспарту. Кампенсаваць плануюць праз Расею і Кітай


Санкцыі ўдарылі амаль па ўсіх сферах беларускай эканомікі. Пра значныя страты заявілі сёння ў «Белляспаперпраме».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Санкцыі нас не маглі не закрануць, бо больш за 40 % экспарту прадукцыі, што прадпрыемствы канцэрну выраблялі, адпраўлялася на рынкі Еўрапейскага Звязу. Мы ў пэўнай ступені абмежаваныя сёння ў пастаўках туды нашай прадукцыі, у сувязі з гэтым мы распрацавалі антысанкцыйныя праграмы. Мы працуем над тым, каб знайсці альтэрнатыву Еўрапейскаму Звязу», – кажа старшыня «Белляспаперпраму» Міхаіл Касько.

Скампенсаваць страчаныя пастаўкі спадзяюцца за кошт Расеі і Кітаю. У першую нібыта ўжо адправілі мэблю, у другую – цэлюлозу і пілапрадукцыю. Аднак моцна разлічваць на КНР не варта, мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

«Выйсці на паказнік 2021 года будзе вельмі складана. Менавіта праз тое, што лагістыка і транспарт не дазваляюць гэтага рабіць. Нават з угнаеннямі праблема. Тым больш угнаенні, а астатнія два – адкуль яны вагоны возьмуць? А калі вазіць фурамі, то гэтая вытворчасць з дрэва будзе залатая, пакуль даедзе да Кітаю», – лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Праблемы з лагістыкаю ды пастаўкаю камплектавальных назіраюцца і на заводзе «БелДжы», кітайска-беларускай вытворчасці аўтамабіляў «Джылі». Праз гэта прадпрыемства больш як на два тыдні адправіла сваіх працаўнікоў у адпачынак. Цяпер, як адзначае кіраўніцтва, завод працуе напоўніцу.

Вядома і пра перанос за мяжу беларускай часткі вытворчасці швейцарскай кампаніі «Штадлер», прыпыненне працы для амаль што 400 работнікаў. У адпачынак за ўласны кошт адпраўляюць і працаўнікоў некалі прыбытковай галіны – будаўнічай. Звальняюць або змяняюць стаўку на дзве траціны, бо няма чым плаціць заробкі, кажуць у Рабочым руху. Падобная сітуацыя назіраецца на шэрагу беларускіх прадпрыемствах.

«Нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы на мінімуме працуюць, парэзаныя ўсе дадатковыя стымульныя выплаты, прыпыненыя пункты калектыўнай дамовы. У Мазыры ўвогуле прадукцыю, у прынцыпе, як і на «Нафтане», акрамя ўнутранага рынку няма куды збываць. У Мазыры ўвогуле наліў ажыццяўляюць у цыстэрны», кажа прадстаўнік Рабочага руху Аляксандр Сакалоў.

Гэта азначае, што рэзервуары папросту перапоўненыя. Прадукцыя прастойвае. Мазырскі НПЗ спрабуе абысці санкцыі – мазут і 92-і бензін вязуць на экспарт праз расейскія парты. Але колькі прапрацуе такая схема? Бо цяпер мець стасункі з Расеяй, якая напала на Украіну, ганебна і рызыкоўна.

У Беларусі ж тым часам яшчэ спадзяюцца на рэшткі ўнутранага бізнесу. Прынамсі пра гэта кажа старшыня канцэрну «Белляспаперпрам» Міхаіл Касько. Паводле апошніх звестак, толькі летась колькасць зліквідаваных юрыдычных асобаў у Беларусі вырасла на 7 %, індывідуальных прадпрымальнікаў – на 11 %.

Надзея Бельская, «Белсат»