У Беларусі ні дня без палітычных працэсаў


Суды ў Беларусі працягваюць выносіць палітычна матываваныя рашэнні: людзей судзяць па адміністрацыйным і крымінальным справам, даючы тэрміны ўтрымання ад содняў да некалькіх гадоў.

У судзе Першамайскага раёну Менску Анастасія Ляйкоўская пачала разгляд крымінальнай справы ў дачыненні палітвязня Віктара Сядова. 46-гадовага менчука затрымалі 16-га кастрычніка і вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

«Трое дзяцей, дзеці вельмі перажываюць, і жонка вельмі перажывае, і маці. І ён сам ранімы чалавек. Ведаючы яго, у такіх умовах у турме – для яго гэта ўжо гатовае пакаранне», – лічыць аднакласнік і сябра пакаранага Віталь Новікаў.

Паводле абвінавачання, у ноч з 10-га на 11-га жніўня Віктар Сядоў браў удзел ва ўзвядзенні барыкадаў, пры гэтым кінуў два прадметы на праезную частку. Затрымалі яго за відэа, на якім нібыта бачна, што ён кідае камяні.

У тым жа судзе Першамайскага раёну пачаўся разгляд крымінальнай справы палітвязня Яраслава Збароўскага. Менчука затрымалі 25-га верасня і вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», сёння ў Яраслава дзень народзінаў.

У судзе Фрунзенскага раёну Алена Бушава працягвае разгляд крымінальнай справы супраць 34-гадовага Дзяніса Чыкалёва за падзеі 9-га жніўня ў Менску. Паводле следства, гамяльчук прыехаў у сталіцу, каб паўдзельнічаць у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Заўтра палітвязню і былому актывісту пратэставага руху «Зубр» маюць абвесціць прысуд.

Двум палітвязням ужо вынеслі прысуды. Слесара з Барысава Сяргея Брыля суддзя Генадзь Янкоўскі пакараў трыма гадамі хіміі за заклікі ў тэлеграм-чаце і ўдзел у акцыях пратэсту, а студэнту-радыёфізіку БДУ Івану Дацышыну суддзя Таццяна Пірожнікава прызначыла 4 гады калоніі строгага рэжыму нібыта за ўдзел у масавых беспарадках.

Пасля 20-ці содняў арышту з ізалятару на Акрэсціна выйшла Галіна Гулянкова – пенсіянерка, якая была пакараная за чытанне ў электрычцы кнігі Васіля Быкава.

«Маме прызначылі 10 содняў за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і дзесяць содняў за непадпарадкаванне працаўніку міліцыі», – тлумачыць сын Галіны Гулянковай.

«І ўсе прыходзілі і казалі: вы тая самая бабуля, якая чытала? Ой, як добра з вамі пазнаёміцца. Проста ехалі чыталі беларускіх пісьменнікаў – гэта ж класна», – распавядае Галіна Гулянкова.

У Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў 66-гадовая жанчына, хворая на рак, вымушаная была спаць на падлозе праз перанаселеныя камеры.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»