Дыялог з уладаю паводле Ціханоўскай падтрымалі ўжо сотні тысячаў


Цягам першых дзевяці гадзінаў пад своеасаблівай петыцыяй за перамовы улада-апазіцыя подпісы пакінулі 360 000 беларусаў. Згодна з папярэднімі заявамі – размаўляць з чыноўнікамі, якія застаюцца ў сістэме Лукашэнкі, але хочуць пераменаў, акцыя пакажа ім – колькі людзей гэтага хочуць.

Пратэставаць, рыхтаваць вулічныя акцыі, і пакінуць подпіс на платформе «Голас», каб паказаць, колькі беларусаў хочуць дыялогу з уладаю. Святлана Ціханоўская заявіла, што дзеля пачатку гэтай акцыі працавала 7 месяцаў і хоча мець мандат на ўдзел у перамовах аб мірнай перадачы ўлады:

«Мы запускаем гэтае галасаванне, каб правесці перамовы з тымі прадстаўнікамі рэжыму, якія гатовыя думаць пра будучыню і прымаць саспелыя рашэнні, а не зацягваць крызіс да поўнай катастрофы. І такія людзі ёсць», – прагучала ў звароце.

Пасля выбараў 2006 года, Лукашэнка размаўляў з палітычнымі супернікамі толькі ў СІЗА КДБ, з якога грамадству паказалі некалькі кадраў і маналог кіраўніка.

Калі верыць сотням тысячаў подпісаў на «Голасе» людзі хочуць сапраўднага дыялогу, хоць у дасягненне пастаўленай у звароце мэты вераць не ўсе.

Жыхары Менску:

«Усе маюць паўдзельнічаць. Мірны пратэст – гэта добра, гэта паказвае, якія мы – беларусы, што мы не настроеныя на нейкія экстрэмісцкія дзеянні».

«Магчыма, міжнародная супольнасць у нечым дапаможа, але чаканні не вельмі вясёлкавыя».

«Мірны зварот не мае моцы, здольнай паўплываць на беларускія ўлады».

«Я так думаю, што не, але гэта не азначае, што трэба спыняцца».

Падобныя настроі ў экспертным асяроддзі. Палітолагі сёння нагадваюць, што Лукашэнка апошнія 7 месяцаў рыхтаваўся не да круглага стала, а да ўмацавання сілавога складу, а таксама збіваў пратэставую хвалю праз прапаганду і ўсе віды рэпрэсіяў. Ад перамоваў – адмовіўся. Увагу засяродзіў на недапушчэнні новай хвалі пратэстаў.

«Уздым пратэставай актыўнасці будзе, але, на жаль, ён будзе непараўнальны ні са жнівеньскімі, ні з вераснёўскімі, ні ўвогуле з восеньскімі пратэстамі. Аб’ектыўная сітуацыя такая, што людзі не зусім разумеюць, або зусім не разумеюць, дзеля чаго ім рызыкаваць сабой», – лічыць палітолаг Вольга Харламава.

Каб не давялося самому зноў браць у рукі аўтамат, Лукашэнка напярэдадні дня Волі пачаў пагражаць пратэстоўцам унутранымі войскамі, якія праходзяць адпаведную падрыхтоўку. Ціханоўская згадала пра гэта ў звароце і падкрэсліла:

«Мы выбіраем не зброю, а негвалтоўны пратэст і праўдзівы голас. І чым больш нашых галасоў, тым гучней для ўсяго свету гучыць нашае патрабаванне вырашыць крызіс мірна і без новых ахвяраў. Таму што голас за перамовы – гэта голас за ратаванне соцень тысячаў зняволеных».

Лукашэнка не дзеля таго гэтых людзей кідаў за краты і не дзеля таго брудзіўся ў крыві, каб цяпер сесці за стол перамоваў – сыходзяцца ў меркаваннях і Вольга Харламава і палітолаг Павел Усаў. Тым больш прапановы аб пасярэдніцтве ў дыялогу міжнародных арганізацыяў ААН і АБСЕ (якія гучалі і сёння) дзейны кіраўнік раней адхіліў двойчы.

«Збольшага беларусы ўжо разумеюць, што ніякія перамовы і ніякія галасаванні Лукашэнку да саступак не змусяць. Напэўна беларусы адчуваюць, што за галасаваннем мае быць другое дно – стратэгія на мабілізацыю, на вулічны пратэст», – кажа Павел Усаў.

Ці такая стратэгія ёсць? У камандзе Ціханоўскай акцэнты расстаўляюць іншыя.

«У гэтай кампаніі ёсць 2 мэты. Першая гэта мабілізацыя грамадства – людзі атрымліваюць дадатковы інструмент паказаць сваю нязгоду, што нязгодных з рэжымам Лукашэнкі большасць. (…) А іншая – гэта змабілізаваць замежныя рэсурсы, інструменты, партнёраў, якія дапамагалі на працягу апошніх 7 месяцаў, каб яна паспрыялі арганізацыі перамоваў».

Павел Усаў настойвае, што рэвалюцыйны пратэст – адзіны інструмент змены ўлады ў выпадку Лукашэнкі:

«Агульнанацыянальная забастоўка. Усеагульны нацыянальны пратэст, выхад на вуліцу ва ўсіх гарадах Беларусі менавіта з тым, каб не разыходзіцца, застацца. Ты я ж меліся б адбыцца вулічныя выбары ў мясцовыя кіроўныя органы».

Але дзеля гэтага мелася б быць зусім іншая мабілізацыя і стратэгія, за якія не бярэцца ніхто з лідараў перамен – на фоне пагрозаў расправы з пратэстоўцамі ўжо рукамі беларускіх вайскоўцаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»