«Купляйце беларускае!»... за мяжою


Цацкі, вырабленыя ў Беларусі, танней набываць… у Расеі, – абураюцца бацькі. Мы пачулі іх галасы і вырашылі праверыць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Не сакрэт, што пасля мамы і таты дзеткі больш за ўсё любяць… падарункі! Паклапацілася пра маленькіх беларусаў айчынная фабрыка «Палессе»: ужо больш за 20 гадоў на ёй вырабляюць высакаякасныя пластмасавыя цацкі на любы густ!

Здавалася б, усё ідэальна: бацькі набываюць цацкі, дзеці цешацца, вытворца атрымлівае прыбытак. Але высвятляецца, што купляць айчынныя цацкі ў Беларусі – значыць пераплочваць за іх. Бацькі – у мінусе.

Танней замовіць цацкі «Палессе» ў адной з расейскіх інтэрнэт-крамаў. Некаторыя тавары тут каштуюць нават на траціну меней, чым у Беларусі.

Адкуль такая розніца ў коштах? Пра гэта я запыталася непасрэдна ў кампаніі «Палессе».

І менш як праз содні я атрымала грунтоўны адказ. Аддзел маркетынгу па-беларуску адказаў мне, што кампанія «Палессе» як вытворца не ўплывае на сістэму цэнаўтварэння.

А таксама патлумачыў, што меншыя кошты расейская інтэрнэт-крама ўсталёўвае адмыслова.

«Гэта адзін з найбуйнейшых інтэрнэт-магазінаў, які найбольш агрэсіўна развіваецца на постсавецкай прасторы. Ён выкарыстоўвае ўвесь інструментарый, каб прыцягнуць кліентаў і павялічыць абарот па сваёй краме. Промаакцыі, распродажы, персанальныя зніжкі і гэтак далей, на якія мы не можам уплываць. Адсюль і кошт, які нават вытворца часам не можа растлумачыць. Увесь бізнес інтэрнэт-гандлю пабудаваны на шокавам уздзеянні на канчатковага спажыўца. І як мы бачым – гэта працуе», – напісаў аддзел маркетынгу кампаніі «Палессе».

Яшчэ адной прычынаю ў кампаніі «Палессе» назвалі розны падатак на дададзеную вартасць для цацак. У Беларусі гэта 20 %, у той час як у Расеі – 10 %.

Раней і ў Беларусі дзіцячыя тавары абкладаліся меншым, ільготным, падаткам, кажа эканаміст Леў Марголін:

«Можна наогул скасаваць падатак на дададзеную вартасць для дзіцячага асартыменту. Але ніхто гэтага рабіць не будзе. Бо сітуацыя вельмі складаная. І наш урад, наадварот, ідзе ў кірунку падвышэння падатку і вывядзення асобных катэгорыяў тавараў з-пад ільготаў».

Гэтак, ужо ў Беларусі дваццаці-пяці-адсоткавым падаткам на дададзеную вартасць абкладаюцца некаторыя паслугі – тэлефонная сувязь ды інтэрнэт. За іх беларусы таксама плацяць больш, чым нашыя ўсходнія суседзі.

Гледачы «Белсату» заўважылі, што і іншыя беларускія тавары за мяжою можна набыць танней:

– Цукар і цукеркі.

– Згушчанка, селядзец.

– Малочка (не ўся) – у Маскве і на Поўначы, прычым ужо некалькі гадоў.

– У Кракаве таксама «Палессе» каштуе танней, чым у Беларусі. І калготкі «Контэ» таксама.

– За якаснымі і таннейшымі таварамі беларускай вытворчасці заўсёды трэба было ехаць у суседнія краіны. Бо экспартныя партыі тавару і для ўнутранага рынку – гэта дзве вялікія розніцы.

– Там яны зарабляюць валюту, а са сваіх грамадзянаў дзяруць утрая даражэй. Выдатная дзяржава, проста няўзброеным поглядам бачны клопат пра ўласных грамадзянаў. ФУУУ.

Як бачым, прычына таго, што беларусы пераплочваюць за айчынныя тавары, не ў вытворцах і не ў крамах, а ў эканамічнай палітыцы ўладаў.

Вольга Старасціна, «Белсат»