БРСМ хоча заняць нішу зліквідаваных няўрадавых арганізацыяў


Цяпер не толькі масоўкі на дзяржаўных святах і акцыі падтрымання Лукашэнкі, але і дзейнасць зліквідаваных няўрадавых арганізацыяў увойдзе ў сферу інтарэсу Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сотні зліквідаваных няўрадавых арганізацыяў. Пра гатовасць заняць вызваленую нішу кіраўнік прадзяржаўнай моладзевай арганізацыі Аляксандр Лук’янаў заявіў у праграме «Маркаў. Нічога асабістага» на ОНТ:

«Патэнцыял руху валанцёрскага “Добрае сэрца” Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі велічэзны. Гэта паказвае і гісторыя з бежанцамі, якіх польскія ўлады не пускалі. Паглядзіце, як мабілізавалася нашае грамадства, разгорнуты быў штаб».

Акурат гісторыя з мігрантамі і выклікае пытанні. Бо менавіта рэжым Лукашэнкі стварыў крызіс на мяжы.

Цяпер сваю ўвагу БРСМ будзе надаваць, напрыклад, экалогіі. Ужо з сакавіка, абяцае Лукʼянаў, стартуюць праекты маніторынгу наваколля. Падавалася б, ініцыятыва неблагая, але…

«Дзейнасць грамадскіх арганізацыяў звязаная з такой функцыяй, як «WatchDog» – гэта старажавы сабака. Выкананне гэтай функцыі патрабуе незалежнасці, з аднаго боку, з іншага – заўсёды звязана з канфліктнымі адносінамі з уладамі. Напрыклад, мясцовыя ўлады часцей за ўсё зʼяўляюцца парушальнікамі экалагічнага заканадаўства, нормаў. Ці нейкі прадзяржаўны бізнес», – зазначае Андрэй Ягораў, аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

Таму ў найлепшым выпадку, лічыць аналітык, БРСМ будзе займацца імітацыяй клопату пра наваколле. Як, напрыклад, робіць гэта, рэпрэзентуючы інтарэсы студэнтаў: арганізацыя не заступілася ні за аднаго навучэнца, які трапіў пад рэпрэсіі.

«Відавочна, нішу незалежных арганізацыяў яны не змогуць заняць. Па-першае, таму што яны GONGO. На гэта, у тым ліку, звярталі ўвагу і еўрапейскія інстытуцыі, і праваабарончыя арганізацыі. Варта памятаць пра тое, што і экспертызы ў іх не стае», – падкрэслівае Дарʼя Рублеўская, сакратарка знешніх сувязяў Задзіночання беларускіх студэнтаў.

Але, можа, інтарэс палягае ў іншым? За год улады зліквідавалі звыш чатырохсот няўрадавых арганізацыяў быццам бы за фінансаванне пратэстаў у 2020 годзе. Такім чынам вызваліся магчымасці на атрыманне грантавага падтрымання, якога, відавочна, Беларусі цяпер не стае.

«Прадзяржаўныя грамадскія арганізацыі любяць спрабаваць прыцягнуць праз сябе частку замежнай дапамогі. Між іншага, так яно адбываецца, адбывалася і раней, калі не былі цалкам выключаныя са структуры дапамогі», – кажа Андрэй Ягораў.

Не даць праўладнай арганізацыі, а значыць, і рэжыму, атрымаць гранты будуць намагацца прадстаўнікі забароненых уладамі НДА.

«Мы будзем яшчэ болей казаць пра тое, што гэта ўсё яшчэ дзяржаўная арганізацыя, што яны ўсё яшчэ элемент дзяржаўнай прапаганды, якім чынам яны працуюць, на што могуць пайсці гэтыя грошы. Відавочна, рашэнне канчатковае прымаем не мы», – мяркуе прадстаўніца ЗБС.

Аднак Дарʼя Рублеўская не выключае, што пры пэўных саступках уладаў донары могуць аказаць падтрыманне. Тым больш ад фінансавання менавіта экалагічных праектаў яны і не адмаўляліся.

Марыля Дакуцька, «Белсат»