Баевікі ДНР і ЛНР чарговы раз абстралялі украінскую тэрыторыю


Баевікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР актывізавалі абстрэл украінскай тэрыторыі. Пад кулі, у прыватнасці, трапіў гуманітарны канвой Управы вярхоўнага камісара ААН у справе ўцекачоў. Эскалацыя адбываецца на фоне заклікаў да міру, якія гучаць і на Захадзе, і ў Маскве. Што стаіць за гэтымі заклікамі? І пры чым тут Беларусь?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пад гукі сірэны грамадзянскай абароны ў акупаваным Данецку кіраўнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР звярнуліся да мясцовых жыхароў з заклікам эвакуявацца ў суседнюю Растоўскую вобласць Расеі: маўляў, Украіна вось-вось нападзе!

«Ад сёння, 18 лютага, арганізаваны масавы выезд насельніцтва ў Расейскую Федэрацыю. Найперш пад эвакуацыю падпадаюць жанчыны, дзеці і людзі сталага веку», – кажа гэтак званы кіраўнік ДНР Дзяніс Пушылін.

«Даручаю кіраўнікам тэрыторыяў, праваахоўным органам, надзвычайным службам забяспечыць арганізаваную эвакуацыю сацыяльных аб’ектаў і дапамагчы насельніцтву ў дастаўцы да памежных пунктаў пропуску», – кажа гэтак званы кіраўнік ЛНР Леанід Пасечнік.

Адначасова, на фоне заяваў пра пачатак эвакуацыі цывільнага насельніцтва і агульнай мабілізацыі ў ДНР і ЛНР, а таксама новых абстрэлаў прарасейскімі баевікамі падкантрольнай Кіеву тэрыторыі, у Маскве анансавалі заўтрашнія ядравыя вучэнні з удзелам Пуціна. Кіраўнік РФ запрасіў да ўдзелу ў манеўрах, у часе якіх адбудзецца пуск балістычных і крылатых ракетаў, і Лукашэнку, які якраз сёння прыляцеў у Маскву.

Паказальна, што супольны ўдзел Пуціна і Лукашэнкі ў ядравых вучэннях у афіцыйных пратаколах маскоўскай сустрэчы суседнічае з… «абмеркаваннем актуальных выклікаў бяспекі ў рэгіёне».

«Расея гатовая кідаць выклік, і яна цудоўна разумее, што для дасягнення яе мэтаў на постсавецкай прасторы ёй напачатку трэба пераадолець супраціў Захаду. Адпаведна, яна будзе змагацца, яна гатовая змагацца з Захадам і весці наўпроставы канфлікт, дзе пагроза вайны з’яўляецца адным са сродкаў дыпламатычнага шантажу», – тлумачыць даследнік Фінскага інстытуту міжнародных справаў Рыгор Ніжнікаў.

Падобна, што Захад ілюзіяў наконт Расеі не мае. ЗША заявілі пра тое, што Крэмль сканцэнтраваў на акупаванай тэрыторыі Украіны і каля яе межаў, у тым ліку ў Беларусі, да 190 тысяч вайскоўцаў. Паказальна, што Расея ўпершыню за 20 гадоў адмовілася ад удзелу ў сёлетняй Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы, якая распачалася сёння ў баварскай сталіцы. Асноўнаю тэмай аднога з галоўных у свеце палітычных форумаў акрэсленае менавіта перадухіленне крамлёўскай агрэсіі супраць Украіны ды вяртанне Расеі ад зброі да дыпламатыі. Дарэчы, нашую краіну ў Мюнхене сёлета рэпрэзентуе Кабінет Святланы Ціханоўскай. Тэма Беларусі, як тлумачыць старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, таксама гучыць на самым высокім узроўні.

«Мы тлумачым, што крызіс унутры Беларусі, крызіс унутрыпалітычны ператварыўся ў крызіс рэгіянальнай бяспекі. Рэжым стаў пагрозай для Украіны, для Польшчы, для Літвы. І таму немагчыма вырашыць крызіс бяспекі, не вырашаўшы крызісу ўнутрыпалітычнага», – кажа Вячорка.

І на Захадзе гэтую ўзаемасувязь, запэўніваюць у Кабінеце Ціханоўскай, цудоўна разумеюць.

Валера Руселік, «Белсат»