«Самая вялікая ганьба, якую можа сабе дазволіць дзяржава – пераслед журналістаў». Рэакцыя на прысуд Андрэевай і Чульцовай


Вырак два гады няволі для журналістак – пры адсутнасці складу злачынства – ускалыхнуў і міжнародную супольнасць: не засталіся абыякавыя не толькі замежныя журналісты, актывісты, выказаліся і лідары дэмакратычных краінаў.

Акцыя ля дзвярэй Беларускай амбасады ў Вільні. Літоўскія журналісты не засталіся ў баку пасля агалошвання абсурднага прысуду Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай.

«Калегі з Беларусі нам заўсёды казалі, што адзінае што іх падтрымлівае гэта публічнасць і салідарнасць. І калі гаворка пра свабоду слова то трэба падтрымліваць і разумець гэта аднолькава».

«Самая вялікая ганьба, якую можа сабе дазволіць дыктатар або дзяржава – гэта пераслед журналістаў. Яведаю як цяжка казаць людзям ісціну і калі я пабачыў што здарылася гэты абсурд я не мог не выйсці».

«Немагчыма не ганарыцца дзеўчынамі, якія не спужаліся нічога і рабілі сваю працу прафесійна нас бянтэжыць прысуд і тое што адбываецца з незалежнымі медыямі», – кажуць удзельнікі акцыі салідарнасці ў Вільні.

Амаль адразу пасля выраку суда з’явілася рэакцыя Святланы Ціханоўскай і яе штабу.

«На судзе яны выглядаюць больш годна чым судзі, чым тыя ж амапаўцы, якія сведчаць супраць іх. Яны ўсміхаюцца, абдымаюцца, адсылаюць усім энергетыку, а тыя хто сведчыць супраць, сядзяць і хаваюцца. Дык за кім праўда?», – адрэагавала Святлана Ціханоўская.

Кардынальна іншае меркаванне наконт прысуду 2 гады за стрым выказаў міністр інфармацыі ўраду Лукашэнкі.

«Напэўна было за што, раз суд вырашыў. Я ж не суддзя. Іх не проста саджаюць ім прадʼяўляюць абвінавачванні, праходзяць нейкія паседжанні. Ці іх проста саджаюць і адпускаюць?» – сказаў Ігар Луцкі, міністр інфармацыі.

За межамі Беларусі прысуд каментавалі на самых вышэйшых дзяржаўных узроўнях. МЗС Польшчы, а таксама прэзідэнт Анджэй Дуда заклікалі ўлады Беларусі неадкладна вызваліць асуджаных журналістак «Белсату».

Акрамя таго, прэзідэнт Польшчы звярнуўся да ўсяго Еўрапейскага звязу з заклікам «салідарна, паслядоўна і рашуча рэагаваць на здушэнне асноўных правоў і свабодаў» у Беларусі.

«Калі чальцы Еўразвязу вырашаць, што сітуацыя абсалютна недапушчальная, то ЕЗ пачне працэдуру ўвядзення санкцый. Рашэнне – за ўрадамі краін Еўразвязу. Дыскусіі пра гэта ідуць. Я хацеў бы звярнуцца да беларускага народу: Мы на вашым баку! Мы на баку незалежных журналістаў, мы сочым за тым, што адбываецца ў Беларусі і абмяркоўваем, як на гэта адказаць», – распавёў Белсату Петэр Стана з еўрапейскай дыпламатычнай службы.

Не засталася ў баку і сусветная журналісцкая супольнасць.

«Мы, як міжнародная арганізацыя маем месца ў Радзе правоў чалавека ААН, дзе мы рэгулярна робім справаздачы аб атаках на медыі ў розных краінах, і паколькі ў Беларусі гэтая сітуацыя няспынна пагаршаецца, мы будзе асобна ставіць на разгляд Рады пытанне беларускае журналістыкі». – адзначыла Памэла Марыньер, кіраўніца аддзелу камунікацыяў міжнароднай федэрацыю журналістаў.

Пра справу Кацярыны і Дашы ўжо напісалі ўсе вядомыя і ўплывовыя выданні замежжа, а мы як Белсат робім усё магчымае, каб справа атрымала як мага больш розгаласу.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»