Гісторыя пераследу журналістаў за часы кіравання Лукашэнкі

Мэта сённяшняга жорсткага палітычнага прысуду – запалохванне журналістаў. За часы кіравання Лукашэнкі падобны пераслед прадстаўнікоў медыяў ужываўся неаднойчы. Толькі раней каралі за выказванне меркаванняў, а цяпер – проста за паказ падзеяў. Кожны такі выпадак трэба памятаць, каб не дапускаць падобнага, бо з кожным разам улады праяўляюць усё большую жорсткасць. А вось як усё пачыналася.

На выбары 1994-га года Аляксандр Лукашэнка ішоў як антыкарупцыянер, дэмакрат і прыхільнік свабоды слова.

«СМІ мусяць быць розныя – і дзяржаўныя, і недзяржаўныя. Але тое, што адбываецца сёння на дзяржаўным тэлебачанні – вы ж бачыце, хлусня, адна хлусня», – скардзіўся на прыдушэнне свабоды слова на БТ кандыдат Лукашэнка.

Але ўсё змянілася пасля інаўгурацыі. Лукашэнка добра разумеў, што менавіта свабодная прэса зрабіла яго вядомым у народзе палітыкам, кажа Святлана Калінкіна, рэдактар «Беларускага партызана» і вядоўца «Размовы» на Белсаце.

«І каб гэтага не паўтарылася, ён адразу пачаў біць менавіта па СМІ. Ён змяніў галоўных рэдактараў медыяў, пачаў наступ, цэнзуру СМІ. Шмат якія выданні, газеты пазакрываліся. Незалежныя СМІ былі амаль ва ўсіх раёнах, ва ўсіх рэгіёнах. Сёння іх амаль не засталося», – тлумачыць Святлана Калінкіна.

Закрыццё і перарэгістрацыя медыяў, выгнанне замежных журналістаў і змена Закону аб СМІ ішлі паралельна з узмацненнем прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.

Адным з першых журналістаў, хто трапіў пад крымінальны пераслед, стаў Павел Шарамет, былы вядоўца Беларускага тэлебачання.

«Тады ён працаваў на расейскі Першы канал, і прэзідэнтам быў Барыс Ельцын у Расеі. І канал быў досыць дэмакратычны», – узгадвае Святлана Калінкіна.

У 1997-м годзе Паўла Шарамета асудзілі на два гады турмы ўмоўна за рэпартаж пра кантрабанду на беларуска-літоўскай мяжы. Пад ціскам Барыса Ельцына журналіста дэпартавалі ў Маскву. Пасля анексіі Крыму Расеяй Шарамет пераехаў у Кіеў. У 16-м годзе яго забілі бомбай у аўтамабілі.

Месяц таму быў апублікаваны аўдыязапіс, дзе чалавек з голасам старшыні КДБ Вадзіма Зайцава загадвае суразмоўцам узарваць Паўла Шарамета, тады яшчэ ў Расеі. Экспертыза пацвердзіла аўтэнтычнасць аўдыё.

Журналістаў пачалі караць паводле новага артыкулу «абраза прэзідэнта«. У 2002-м стваральнікі гарадзенскай газеты «Пагоня» Мікола Маркевіч і Павел Мажэйка атрымалі 2 і паўтара года так званай хіміі – абмежавання волі за нібыта паклёп і абразу Лукашэнкі.

Такі ж прысуд – два гады хіміі – тады атрымаў і рэдактар газеты «Рабочы» Віктар Івашкевіч.

А ў 2011-м годзе на тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю выканання асудзілі журналіста «Газеты Выборчай» у Горадні Андрэя Пачобута. Нібыта паклёп і абраза Лукашэнкі былі ў ягоных артыкулах.

«Яны звярнуліся да экспертаў так званых, якія напісалі, што там зняважаны Лукашэнка, што там паклёп на Лукашэнку, і гэтак далей. І ўсё, па сутнасці. Гэтага было дастаткова, каб вынесці абвінаваўчы прысуд», – распавядае Андрэй Пачобут.

Працэс быў закрытым, бо ўлады яшчэ саромеліся сваіх дзеянняў, кажа Андрэй Пачобут. У 12-м годзе яго паўторна спрабавалі асудзіць за паклёп на Лукашэнку, але справа развалілася.

«Затрымаць распаўсюд інфармацыі ва ўладаў не атрымалася. Яна ўсё роўна даходзіць да гледача, да таго, хто цікавіцца інфармацыяй», – кажа Андрэй Пачобут.

А за год да апошніх выбараў прагрымела «справа БелТА» – пра несанкцыянаваны доступ да інфармацыі дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва. Шэраг ператрусаў і затрыманняў журналістаў скончыўся выракам і штрафам для рэдактаркі парталу TUT.by Марыны Золатавай.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама