15 содняў арышту, ад суда ўцякалі праз вакно. Судовыя вынікі дня


15 содняў арышту за тое, што тройчы адмовіўся даваць падпіску аб неразгалошванні падчас допыту ў Следчым камітэце. Так суд Партызанскага раёну Менску пакараў старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова. Палітык праходзіць сведкам у «справе Каардынацыйнай рады». У зале суда яго не затрымалі. А ў Смаргоні каля дваццаці ўдзельнікаў судовага працэсу былі заблакаваныя ў залі суда, частка паспела ўцячы праз вакно, астатнія былі затрыманыя.

Другі дзень судовага паседжання ў гэтак званай «справе «Белгазпрамбанку». На паседжанне Вярхоўнага Суда ізноў не пусцілі незалежных журналістаў і тых, хто прыйшоў падтрымаць Віктара Бабарыку. Віктар Бабарыка глыбока крануты і вельмі дзякуе за падтрыманне, паведаміў падчас перапынку ягоны адвакат і распавёў пра стан падабароннага.

«Канечне, цяжка. Ён ва ўмовах следчага ізалятару, ва ўмовах маленькай камеры, ва ўмовах недастатковых прагулак, ва ўмовах, калі не трапляе… сонечнае святло трапляе. Але ўсе гэтыя моманты… А калі чалавек валявы, а гэта чалавек валявы і ўпэўнены, што ён рабіў правільную справу, то ён спраўляецца лепш», – распавядае адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

Віктара Бабарыку абвінавачваюць у адмыванні сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Абвінавачанне супраць яго займае 340 старонак. Агулам у «справе «Белгазпрамбанку» праходзяць восем фігурантаў.

А на іншым судовым працэсе пракурор запатрабаваў 3 гады «хатняй хіміі» для былой каардынатаркі штабу Святланы Ціханоўскай па Менску і Менскай вобласці Вольгі Паўлавай. Яе неаднаразова затрымлівалі падчас акцыяў пратэсту і каралі штрафамі. У лістападзе яе зноў затрымалі, але апроч адміністратыўнага абвінавацілі паводле крымінальнага артыкулу – непадпарадкаванне міліцыі.

«За адміністратыўнае парушэнне, якое было абазначанае, яна панесла пакаранне, яна правяла трое содняў на Акрэсціна, яна заплаціла штраф. А цяпер у яе ідзе паўтор», – абураецца Антон, сябра Вольгі Паўлавай.

«Гэта цырк, гэта ўсе справы такія ж. Цыркавыя справы, зробленыя з нічога. 100 тысячаў выйшла насельніцтва, давайце ўсе 100 тысячаў пасадзім паводле гэтага артыкулу. Гэта проста цырк, гэта знішчэнне нашага насельніцтва», – лічыць бацька Аляксандр Паўлаў.

А суд Савецкага раёну Менску пачаў разглядаць справу 18-гадовага актывіста анархісцкага руху Івана Красоўскага. Яго вінавацяць у тым, што ўначы з 10 на 11-га жніўня каля гандлёвага цэнтру «Рыга» ён пляскаў у далоні, будаваў барыкады і блакаваў дарогі. Тады сілавікі затрымалі і збілі маладзёна так моцна, што ён мусіў карыстацца інвалідным вазком. У сувязі з перакрыццём дарог «Менсктранс» ацаніў свае страты на 5 тысячаў сямсот рублёў. Хлопца абвінавацілі таксама ў непадпарадкаванні сілавікам.

«Укосна і па словах толькі можна прывязаць, што ён прымаў удзел у беспарадках. І непадпарадкаванне, але там непадпарадкаванне такое было, што вылятаюць з бусіка, ужываюць спецсродкі, збіваюць – нават папярэджанняў ніякіх было», – адзначае слухач на судзе ў справе Івана Красоўскага Аляксандр.

Сёння ж у Смаргоні абвесцілі прысуд у крымінальнай справе Руслана Валюка і Інэсы Маркавай. Маладзёнаў абвінавацілі ў расклейванні ўлётак са звесткамі, якія нібыта зганьбілі супрацоўнікаў міліцыі. Інэсе прысудзілі два гады «хатняй хіміі», Руслану – два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. У зале суда маладзёну стала блага. Не абышлося без інцыдэнту. Пасля абвяшчэння прысуду нехта ў калідоры выгукнуў «Жыве Беларусь!». Старшыня суда Людміла Пятрова забараніла дзяжурнаму міліцыянту выпускаць з суда прысутных і выклікала АМАП. У судзе апынуліся заблакаваныя каля 20-ці чалавек. Частцы з іх удалося ўцячы праз вакно. Не менш за дзевяць чалавек затрымалі.

Ігар Станкевіч, «Белсат»