Колькасць палітвязняў у Беларусі зноў павялічылася


Адбыўшы прызначанае рэжымам пакаранне на «хіміі», на волю выйшаў палітычны вязень Аляксандр Перапечка. Але колькасць палітычных зняволеных не зменшылася – праваабаронцы дадалі да іх спісу яшчэ адзінаццаць асобаў. Усіх іх пакаралі за групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама за падтрыманне ахвяраў палітычнага пераследу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Агульная колькасць палітычных вязняў у краіне набліжаецца да тысячы – 993 асобы.

Праваабаронцаў непакоіць інфармацыя пра змену абвінавачання фігурантам гэтак званай справы Аўтуховіча. Паводле новага – трэцяй часткі 289-га артыкулу, – ім можа пагражаць пажыццёвае зняволенне, а мужчынам – нават смяротнае пакаранне.

«Буду казаць пра Міколу Аўтуховіча. Гэта чалавек, які мае абвостранае пачуццё справядлівасці, праўды, законнасці. Казаць пра тэрарызм у адносінах да Аўтуховіча – гэта, канечне ж, нонсэнс, я ўжо не кажу пра іншых удзельнікаў: сям’я святара, чалавек з інваліднасцю другой групы Уладзімір Гундар ці жанчына з інваліднасцю з Горадні», – пералічвае праваабаронца Васіль Завадскі.

Вядома пра 13 фігурантаў гэтак званай справы Аўтуховіча, неаднаразова зʼяўляліся звесткі, што яны зазнаюць ціск і нават катаванні за кратамі.

Пра ціск паведамляюць і родныя іншых палітычных вязняў. Дзеці Алены Гнаўк, актывісткі з Берасцейшчыны, якую тыдзень таму арыштавалі на 15 содняў за парушэнне рэжыму «хіміі», пішуць у «Фэйсбуку»:

«Ёй забараняюць перадаваць перадачы. Забараняюць чытаць і пісаць. Гэтак пастанавіў начальнік РАУС Пружанаў. Хочуць зламаць яе».

З-пад арышту Алена Гнаўк мае выйсці 25-га студзеня.

Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк перавядуць з гомельскай жаночай калоніі ў магілёўскую крытую турму. У снежні жанчына паўмесяца правяла ў карцары, ліставанне з ёю перарывалася.

«Стала вядома, што Паліна проста не выйшла з гэтага карцару, не вярнулася ў атрад. І ў канцы снежня ад Паліны дайшла невялікая паштоўка, дзе яна ўскосна перадае, што на тры месяцы змешчаная ў памяшканне камернага тыпу», кажа муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.

Жанчыне абмежавалі ўсе віды сувязі і перадачаў, яна не ходзіць на працу і не можа сустрэцца з адвакатам. У згаданай паштоўцы Паліна перадала віншаванні мужу і бацькам ды пасыл усім беларусам:

«Што яны працягваюць барацьбу нават там за кратамі і што нам, беларусам, нельга спыняцца, толькі нашая агульная пазіцыя вызваліць і яе, і іншых палітвязняў. З гэтага я раблю выснову, што, нягледзячы на ўсе катаванні і жорсткія ўмовы ўтрымання, яна не падае духам і працягвае змаганне», – кажа Андрэй Шарэнда.

За кратамі Паліна Шарэнда-Панасюк застаецца з 3-га студзеня мінулага года. Яе чакаюць двое няпоўнагадовых дзяцей.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»