Эксперт: мабільны аператар «Белтэлекаму» будзе добраахвотна-прымусовым


Як і планавалі год таму, «Белтэлекам» выйдзе на рынак паслуг сотавай сувязі – ужо як аператар і канкурэнт А1, МТС і БелСелу. Ліцэнзія дазволіць «Белтэлекаму» рэалізаваць планы ў супрацы з «Вялікім каменем». Праекты «разумны горад», «разумная вытворчасць», перадача мабільнага відэа з дапоўненай рэальнасцю, беспілотны аўтатранспарт… Але галоўныя грошы маюць ісці з профільнай дзейнасці – ад насельніцтва, якое карыстаецца паслугамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Рынак сотавай сувязі Беларусі – у чаканні пераменаў… Да лінейкі мабільных аператараў – «БелСелу», МТС і А1 – далучыцца мабільны аператар «Белтэлекаму». Назвы брэнду пакуль не раскрылі. Паказалі ліцэнзію ў руках гендырэктара кампаніі Юрыя Петручэні, які сёння заявіў:

«Мы зможам больш эфектыўна ўкараняць маштабныя тэлекамунікацыйныя праекты для лічбавай эканомікі, вырашаць праблему «лічбавай няроўнасці», пашыраць спектр паслуг і дадатковых сэрвісаў для насельніцтва і бізнесу. Перакананы, што выхад “Белтэлекаму” на рынак паслуг сотавай сувязі будзе спрыяць далейшаму паспяховаму развіццю прадпрыемства».

Агулам 70 відаў паслуг… «Белтэлекам» – дзяржаўны манапаліст на рынку фіксаванай сувязі краіны. Да пакету паслуг стацыянарнай тэлефаніі, лічбавага тэлебачання, відэакантролю, доступу ў інтэрнэт дададуцца паслугі сотавай сувязі чацвёртага пакалення. Імаверны партнёр «Белтэлекаму» – кампанія «beCloud», інфраструктурны аператар сеткі LTE.

Раней у кампаніі не было тэхналагічных і фінансавых магчымасцяў заняць гэтую нішу – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук. Цяпер жа «Белтэлекам»…

«Ён будзе ўвогуле структураю, якая будзе пераўтварацца ў манапаліста для дзяржаўнага сектару, для бюджэтнікаў, для ўсіх тых, хто мае грошы. І будуць у загадным парадку намаўляць купляць беларускія паслугі ад беларускага аператара. Гэта і ёсць (у разуменні рэжыму – заўв. рэд) такі патрыятызм, нацыяналізм».

Гендырэктар «Белтэлекаму» падае навіну пад іншым соусам. Маўляў, на рынак сотавай сувязі кампанія выходзіць «развязваць праблему лічбавай няроўнасці», пашыраць спектр паслуг і дадатковых сэрвісаў для насельніцтва ды бізнесу.

Ці будуць беларусы пераходзіць на мабільную сувязь дзяржаўнага аператара? Мы запыталі ў сваім тэлеграм-канале:

«Не. І гэта справа прынцыповая».

«Запытвацца ніхто не будзе».

«Навошта нешта ствараць, калі можна аджаць тое, што ўжо існуе?» – мяркуюць чытачы.

Інтэрнаўты падазраюць, што дзейны рэжым заляцаецца да інфраструктуры аўстрыйскай кампаніі А1, якой абяцалі шэраг праверак пасля палітычных арыштаў яе супрацоўнікаў, а раней – не вельмі асцярожных выказванняў галоўнага офісу аб працы ў Беларусі.

Яраслаў Раманчук нагадвае, што аўстрыйскі бізнес – усё ж не выпадковы і шырока рэпрэзентаваны ў Беларусі.

«Гэтыя структуры не арыентуюцца на часовы выбрык ці кан’юнктуру. І калі гэтыя структуры працавалі ў такім рэжыме 25 гадоў, не думаю, што ў выпадку нейкай сваркі іх выкінуць з краіны, таму што альтэрнатывы няма. Я думаю, што дамовяцца», – рэзюмуе эканаміст.

У любым выпадку страты будуць… Антырэкламу аўстрыйскаму аператару А1 прапаганда ўжо зрабіла. Правяранні распачнуцца сёлета ў красавіку

Юлія Цяльпук, «Белсат»