Як жывуць дальнабойнікі на мяжы

Польшча зрабіла палёгку ў патрабаваннях для перасячэння мяжы. Ад сёння абавязковы ПЦР-тэст можна зрабіць таксама цягам трох гадзінаў пасля перасячэння мяжы. Папярэдняе патрабаванне, каб негатыўны тэст на каронавірус для кожнага прыбыша з-за Шэнгенскай зоны быў не старэйшы за 24 гадзіны, пратрымалася ўсяго два дні, але паспела моцна ўдарыць, у прыватнасці, па кіроўцах-дальнабойніках.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Улічваючы шматкіламетровыя чэргі на мяжы, у іх папросту не было магчымасці выканаць усе патрабаванні, у выніку чаго ад 15-га снежня іх масава пачалі разварочваць. Тым часам на мяжы з польскага боку пабываў наш карэспандэнт Зміцер Міцкевіч, які высветліў як жывуць вымушаныя закладнікі вялікіх грузаў і вялікіх чэргаў.

Чарга на польска-беларускай мяжы мае, так бы мовіць, дынамічны характар: напачатку тыдня змяншаецца, пасля паступова павялічваецца. Вось зараз мы знаходзімся ў самым яе хвасце: тут яна мае, на дадзены момант, свой самы мінімальны памер – каля 12-ці кіламетраў». Але праз некалькі дзён можа вырасці і больш за трыццаць – у такім выпадку некаторым кіроўцам давядзецца стаяць ажно чацвёра содняў.

Гэткай «папулярнасцю» пераход «Баброўнікі – Бераставіца» абзавёўся вымушана – пасля закрыцця суседняга памежнага пункту «Кузніца – Брузгі». Можна, вядома ж, рушыць і ў аб’езд Беларусі, але прынамсі пакуль што фірмы-перавознікі шукаць альтэрнатывы не спяшаюцца.

Мы паразмаўлялі з дальнабойнікамі:

«У Еўропу каб заехаць, раней нам было трэба содні-двое, а цяпер і па чацвёра содняў стаяць, каб на Еўропу зайсці».
«Гэта здзек з кіроўцаў, гэта палітычныя гульні! Усе там гуляюцца, а мы пакутуем!»

«Уначы многія кладуцца спаць, і чарга рухаецца хутчэй. А так, калі ўдзень, то доўга. Вось у мяне калега чацвёра содняў «Казловічы» праходзіў перада мною, і вось цяпер ён выходзіў перада мною праз «Баброўнікі» трое содняў».

З кожным днём, сведчаць дальнабойнікі, сітуацыя адно горшае. Арыфметыка простая: чарга часам сягае дзясяткаў кіламетраў, а за 2 гадзіны можна праехаць часам толькі 100 метраў. За прастой кіроўцам перавознікі даплачваюць, але далёка не ўсе. У выніку, пакуль стаіш – не зарабляеш нічога.

«Я атрымліваю ад кола, як той казаў: колькі накатаў кіламетраў, столькі і атрымаў – а што тут? За тыдзень я тут прастаю 2–3 содняў, хоць мог бы кола зрабіць Францыя – Расея за тыдзень, то цяпер атрымаецца за паўтара тыдня, а то і больш», – тлумачыць дальнабойнік.

Дый акрамя фінансавага аспекту папросту стаяць – сумнеўнае задавальненне: сталовак і прыбіральняў няма.

Калі стаіш на мяжы некалькі гадзін запар, пачынаеш задумвацца пра развязанне абсалютна простых пытанняў, бо з інфраструктурай тут, шчыра кажучы, так сабе. І вось калі падвоз ежы для дальнабойнікаў яшчэ арганізавалі, то з іншымі побытавымі рэчамі ўзнікаюць праблемы. Напрыклад, з-за адсутнасці сметніцаў можна часам вызначыць, дакуль даходзіла чарга ў той ці іншы момант. Ну і ісці па ўзбочыне трэба асцярожна, каб у сляды жыццядзейнасці не ўляпацца.

Дзе адна бяда – чакай і другую. Яшчэ больш замаруджваюць рух на мяжы і абавязковыя электронныя пломбы, уведзеныя беларускім бокам.

З кім ні паразмаўляеш, ніхто не бачыць хуткага развязання гэтай сітуацыі на польска-беларускай мяжы. Бо мала таго, што з прычыны арганізаванага Лукашэнкам міграцыйнага крызісу зачынілі памежны пераход у Кузніцы, дык яшчэ і з беларускага боку ўвялі абавязковае ўсталяванне навігацыйных пломбаў на ўсе грузавікі, што ўязджаюць з тэрыторыі Польшчы. Пломбы ўсталёўваюцца вось сюды – на заднюю браму прычэпа. І часам гэтая няхітрая, здавалася б, працэдура можа займаць ажно да шасці гадзінаў! Вось куды прыехала «IT-краіна»!

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама