У год народнага адзінства збіваюць, цкуюць, садзяць у турму

Для яшчэ аднаго блогера і палітзняволенага Вадзіма Ермашука дзяржабвінаваўца запатрабаваў 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго вінавацяць у абразе дзяржаўных сімвалаў і Лукашэнкі. Разгляд справы адбываецца ў судзе Шчучынскага раёну.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Планавалі вылучыць альтэрнатыўных дэлегатаў на Усебеларускі народны сход, а сёння закрылі інтэрнэт-старонку і абвесцілі аб самароспуску. Мінімум да пяці ўдзельнікаў электроннай платформы «Сход» сілавікі прыйшлі з ператрусамі. Учора рэжым прызнаў платформу экстрэмісцкім фармаваннем.

«З таго, што я ведаю, здаецца, на дадзены момант усіх выпусцілі, у каго адбываліся ператрусы, каго забіралі ў РАУС. І магчыма, хутка з’явяцца паказанні на «Жоўтых злівах», – мяркуе старшыня онлайн-пляцоўкі «Сход» Сяргей Дубіна.

А суддзя Маскоўскага раёну Берасця Таццяна Лаўранюк абвесціла прысуды чарговай, адзінаццатай групе фігурантаў гэтак званай «карагоднай справы». 12 абвінавачаных атрымалі ад 2 гадоў «хіміі» да 2 гадоў «хатняй хіміі». Цяпер у справе асуджаныя 114 чалавек. Іх абвінавацілі паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу: «Грубае парушэнне грамадскага парадку».

Паводле таго ж артыкулу суддзя Ленінскага раёну Менску Марына Клімчук асудзіла да трох гадоў «хіміі» арт-менеджара і дыджэя Аляксандра Багданава і сцэнографа Максіма Крука.

Стваральніку інтэрнэт-крамы Symbal.by Паўлу Белавусу сёння прысудзілі яшчэ 7 содняў арышту за «дробнае хуліганства». У няволі Павел застаецца ўжо больш за месяц.

Тым часам выйшаў на волю гарадзенскі музыка Ігар Банцэр. Ён цалкам адбыў пакаранне – паўтара года «хіміі». Падчас зняволення яго 22 дні ўтрымлівалі ў карцары, а падчас суда ён абвесціў сухую галадоўку.

«Нягледзячы на тое, што зараз год народнага адзінства, у выкананні беларускіх уладаў выглядае даволі жудасна, таму што, калі цябе збіваюць, цкуюць, садзяць у турму і кажуць, а зараз мы з табой будзем дамаўляцца, гэта не тыя параметры, якія падпадаюць пад акрэсленне дыялогу грамадскага, пошуку кансэнсусу», – перакананы палітзняволены Ігар Банцэр.

На сённяшні дзень праваабаронцы прызналі палітзняволенымі 927 чалавек.

Антон Каменскі, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама