Чым турма адрозніваецца ад калоніі, а агульны рэжым ад узмоцненага?


Тэрміналогія з Крымінальнага кодэксу прынамсі паўтара года штодзённа гучыць у навінах з Беларусі. З якімі ўмовамі сутыкнуцца фігуранты гучных палітычных працэсаў? Чаму за публіцыстыку ў Беларусі даюць больш, чым за забойства?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У адрозненне ад турмы або СІЗА, у калоніі зняволеных трымаюць не ў камерах. Іх, як у войску, размяркоўваюць па атрадах. «Месца пражывання» ў калоніі завецца кубрыкам, ён таксама падобны да вайсковае казармы. Аднак калоніі асобага рэжыму – вынятак. Менавіта ў такую на чатырнаццаць гадоў выправілі палітыка Мікалая Статкевіча.

«Людзі, якіх прыгаварылі да асобага рэжыму, прынамсі першую траціну свайго тэрміну мусяць праводзіць на камерным утрыманні. Гэта сарамліва закамуфляваны турэмны рэжым», – гаворыць жонка палітвязня Марына Адамовіч.

Родных Мікалай Статкевіч зможа пабачыць толькі тры разы на год – падчас двух кароткатэрміновых двухгадзінавых спатканняў і аднаго працяглага на тры дні. Прыгавораных да асобага рэжыму звычайна адпраўляюць у Глыбокае.

«Я шчыра спачуваю Статкевічу. Шматлікія вязні, якія прайшлі праз Глыбокае, адназначна кажуць пра гэтую калонію як пра самую жорсткую ў Беларусі. Я мяркую, што Статкевіч як чалавек паважаны будзе карыстацца пашанай як спецкантынгенту, лідараў крыміналу, якія там знаходзяцца, так і адміністрацыі», – кажа былы палітвязень, праваабаронца Міхаіл Жамчужны.

Узмоцнены рэжым, да якога прыгаварылі блогера Сяргея Ціханоўскага і яшчэ чатырох фігурантаў працэсу, мякчэйшы за асобы. Блогер цягам года мае права на тры кароткатэрміновыя і два працяглыя спатканні.

Зняволеных у беларускіх калоніях абавязваюць працаваць. Яны робяць мэблю, смеццевыя бакі, мангалы, шыюць вайсковую форму, а тры гады таму нават пачалі вырабляць хакейныя клюшкі. На «палітычных» адміністрацыя вешае адмысловыя шыльды «схільны да экстрэмізму».

«Спецыяльна навучаныя зняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй і аператыўнымі працаўнікамі, могуць чыніць правакацыі супраць палітвязняў. Натуральна, за гэта яны атрымліваюць узнагароду – у выглядзе дзвюх цыгарэтаў і лыжкі гарбаты. За такі кошт яны прадаюць сваё сумленне», – сцвярджае Жамчужны.

Блогера Сяргея Ціханоўскага асудзілі на васямнаццаць гадоў, ягоных паплечнікаў Дзмітрыя Папова і Арцёма Сакава – на шаснаццаць. Яшчэ двух блогераў – Уладзіміра Цыгановіча і Ігара Лосіка – на пятнаццаць гадоў.

Аляксандр Папко, «Белсат».