Беларусь зноў пагражае контрсанкцыямі


Арышты ўнутры Беларусі, мігранты – на яе межах з Еўразвязам. Еўропа дапускае, што пры неабходнасці ўзмоцніць санкцыйны ціск на Менск. У МЗС Беларусі заявілі, «што асобныя краіны ЕЗ могуць не вытрымаць адказу на зноў уведзеныя санкцыі». Чым пагражае прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз? Праблему мігрантаў Еўразвяз вырашае паслядоўна. Ці баіцца Еўропа контрсанкцыяў Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мандарыны і хурма да навагодняга стала – іспанскія, італьянскія… Але ўжо з першага студзеня (калі чыноўнікі паспеюць дамовіцца аб пастаўках) садавіну будуць завозіць з Марока, Бразіліі, Турцыі. Замяняць імпарт арэхаў і сухафруктаў з Еўропы вырашана аналагамі з Кыргызстану, Арменіі, Узбекістану, – заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка:

«Па ўсіх астатніх пазіцыях, акрамя пэўных відаў гародніны і садавіны, рынак здольныя »закрыць« нашыя вытворцы».

Галоўчанка ўдакладніў, што заменім імпарт уласнаю вытворчасцю на суму паўмільярда долараў на год. Аб увядзенні эмбарга на шэраг прадуктаў з Еўропы Беларусь заявіла 10 дзён таму. Усхваляваным грамадзянам паабяцала – ні насельніцтва, ні прадпрыемствы не адчуюць увядзення контрсанкцыяў.

Навуковы супрацоўнік цэнтру «BEROC» Алег Мазоль развеяў такую надзею:

«Для таго, каб наладзіць вытворчасць гэтых тавараў, трэба каля 2-3 гадоў. Каб запланаваць вытворчасць, выйсці на запланаваную магутнасць і пачаць працаваць у плюс. Гэта азначае, што (у наступным годзе – заўв. Рэд.) тавары будуць пастаўляцца ў выглядзе санкцыйнай прадукцыі. Гэта будзе рэверс «санкцыёнкі»».

Калі пасля Новага года не зʼявіцца дэфіцыт на многія тавары з забароннага спісу, гэта будзе азначаць, што Беларусь пачала купляць санкцыйную прадукцыю з Расеі, Кітаю і іншых краінаў. Адчувальнымі санкцыі будуць і для лабістаў з міністэрстваў, буйных прадпрыемстваў, канцэрнаў і холдынгаў Беларусі – упэўнены кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру «Мізэса» Яраслаў Раманчук:

«Яны 15 гадоў займаліся мадэрнізацыяй гэтых заводаў і фабрык. Цяпер не маглі ніяк абгрунтаваць і патлумачыць, чаму ім трэба цяпер яшчэ даць грошай. Бо ўжо час або дырэктараў звальняць або прыватызацыю рабіць. І тут як дар з неба – санкцыі!»

Забяспечваць нацыянальную харчовую бяспеку будуць абраныя. Задача каштуе дорага, а выдаткоўванне сродкаў на гэта будзе прыярытэтным – іранізуе Яраслаў Раманчук.

«Безумоўна яны будуць карыстацца грашыма дзяржавы, а паколькі грошай будзе не хапаць, трэба будзе пазычаць, нешта прадаваць, даваць у заклад. Так што гэта тыя схемы, якія безумоўна зʼяўляюцца вельмі выгаднымі для сілавікоў, кантралёраў, а таксама чырвоных дырэктараў, якія асвойваюць бюджэт».

На словах жа гучыць, што «Беларусь вымушаная даваць адэкватны адказ на дэструктыўныя крокі заходніх краінаў». Так прэсавы сакратар МЗС Анатоль Глаз адказаў на заяву Еўрапейскай Рады:

«Еўрапейская рада падкрэсліла важнасць найхутчэйшай рэалізацыі забаронных захадаў пасля зацвярджэння пятага санкцыйнага спісу і заявіла аб гатовасці прыняць новыя санкцыі ў выпадку неабходнасці».

Захады, якія ўводзіць рэжым Лукашэнкі маюць хутчэй сімвалічнае значэнне для дзяржаваў-экспарцёраў. Што ж меў на ўвазе беларускі МЗС, заявіўшы, што асобныя краіны ЕЗ могуць не вытрымаць адказу Менску на іхныя чарговыя абмежаванні?

Юлія Цяльпук, «Белсат»