Колькасць студэнтаў у Беларусі імкліва падае


«Давайце весяліцца, пакуль мы маладыя!» – спяваецца ў міжнародным гімне студэнтаў. Здавалася б, нагода весяліцца ёсць: сёння ў большасці краінаў свету адзначаюць Міжнародны дзень студэнта.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусі кожная сёмая асоба маладога ўзросту – студэнт ці студэнтка, рапартуе Нацыянальны статыстычны камітэт. І, паводле лічбаў таго ж камітэту, колькасць студэнтаў скарачаецца. Прааналізуем звесткі апошніх чатырох навучальных гадоў: калі ў 2018/2019 гадах у беларускіх ВНУ навучалася больш за 268 тысяч студэнтаў, то ў 2021/2022 – 243 тысячы. То бок на 25 тысячаў менш. Адна з прычынаў – рэпрэсіі супраць студэнтаў і выкладчыкаў, упэўненыя нашыя эксперты:

«За гэты год некалькі дзясяткаў чалавек былі затрыманыя, пра якіх вядома, што яны студэнты. Відавочна, яны затрыманыя не праз тое, што з’яўляюцца студэнтамі, але яны карысталіся сваімі правамі. Напрыклад, свабода выказвання меркавання, свабода мірных сходаў, свабода асацыяцыі. І пры гэтым яны зʼяўляюцца студэнтамі», – кажа Наталля Сацункевіч з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Паводле праваабаронцаў, з верасня 2020 года вядома пра больш як паўтары тысячы студэнтаў і выкладчыкаў, якія сталіся ахвярамі рэпрэсіяў з боку рэжыму Лукашэнкі.

«Канечне, вялікую ролю ў рэпрэсіях у дачыненні студэнтаў згуляла “Студэнцкая справа”, калі 12 чалавек былі асуджаныя да крымінальных тэрмінаў. І гэта, па-першае, добра паказала маштаб рэпрэсіяў у адносінах да студэнцтва, а па-другое, мела ахалоджвальны эфект на актыўнасць сярод студэнцтва», – сцвярджае Наталля Сацункевіч.

Дапамагаюць студэнтам ВНУ, і не толькі рэпрэсаваным, такія ініцыятывы як Задзіночанне беларускіх студэнтаў або «Сумленныя людзі». Дзеля гэтага распрацавалі чат-бот «Універ», куды беларускія студэнты звяртаюцца са сваімі праблемамі. Пра тое, з якімі праблемамі часцей звяртаюцца ў чат-бот, распавядае актывіст супольнасці «Сумленныя людзі» Цімафей Малахоўскі:

«Кошт навучання ў беларускіх ВНУ расце, ізноў вырас у сярэднім на 10 %, але якасць адукацыі, якасць навучання (я кажу пра вучэбныя карпусы, пра інтэрнаты, у якіх жывуць студэнты) – яны дакладна не паляпшаюцца».

Нараканні ж студэнтаў тычацца не толькі матэрыяльнага складніку.

«Пішуць пра тое, што сёння нас загналі на сустрэчу з Азаронкам-малодшым, сёння для нас арганізавалі сустрэчу з прадстаўніком Мінабароны і расказвалі пра тое, як Украіна, NATO справакавалі гэтую “спецыяльную ваенную аперацыю”», – прыводзіць прыклад Цімафей Малахоўскі.

Тым часам рэжым па-свойму павіншаваў студэнтаў са святам: старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава прапанавала размяркоўваць усіх выпускнікоў ВНУ, не толькі тых, хто вучыўся на бюджэтнай аснове. Ці будзе размеркаванне для платнікаў абавязковым або толькі прапановай месца працы, Качанава не ўдакладніла.

Кандыдатка педагагічных навук Святлана Мацкевіч, закранаючы ў эфіры «Студыі “Белсат”» тэму размеркавання, выказалася гэтак: «Пасярэдніцтва дзяржавы ў выбары месца прафесіі не павінна быць у прынцыпе».

«Хутчэй, хочуць прывучыць грамадзянскую супольнасць да адсутнасці выбару і да таго, што дзяржава за нас ізноў усё вырашае, а фактычна ўлазіць у нашую кішэню. Бо адукацыя, асабліва ў прыватных ВНУ, – яна ідзе за кошт грамадзянаў».

Апроч таго, у Беларусі дзяржаўныя службоўцы актыўна шукаюць маладых спецыялістаў, якія парушылі ўмовы размеркавання і праз суд спаганяюць з іх грошы. Толькі на Берасцейшчыне сёлета з такіх асобаў спагналі больш за паўмільёна рублёў.

Алесь Яшчанка, «Белсат»