Захад будзе размаўляць з Лукашэнкам, як з тэрарыстам, які захапіў закладнікаў


Ангела Мэркель і Аляксандр Лукашэнка правялі другую тэлефонную размову. Змест гутаркі беларускі ды нямецкі бок падаюць па-рознаму. Гэтак, прэс-служба Лукашэнкі заявіла, што пачнуцца перамовы паміж прадстаўнікамі Беларусі і Еўразвязу аб пераадольванні міграцыйнага крызісу.

А старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен перадала просьбу задзейнічаць у працэсе міжнародныя арганізацыі, (якія займаюцца праблемай уцекачоў). На сайце нямецкага ўраду пазначана, што Ангела Мэркель падкрэсліла ў размове з Лукашэнкам неабходнасць забяспечыць гуманітарную дапамогу мігрантам і магчымасць вяртання іх на радзіму.

Міграцыйны крызіс скончыцца, калі Захад адменіць санкцыі і прызнае Лукашэнку прэзідэнтам. Такія ўмовы беларускі дыктатар агучыў падчас папярэдняй тэлефоннай размовы з Ангелай Мэркель. Падрабязнасці размовы сёння агучыла кіраўніца эстонскага Міністэрства замежных справаў. Прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што той не абмяркоўваў санкцыі з Мэркель. Так ці інакш, ейны званок выклікаў у еўрапейскіх палітыкаў пытанні.

«Пытанне аб гэтым званку да спадарыні Мэркель толькі адно: чаму польскі бок не быў ніяк паінфармаваны, хіба гэта ня сябра Еўразвязу? І гэта выклікае вельмі вялікія пытанні да той часткі эліты, што сыходзіць», – дэпутат Сойму Літвы Эмануэліс Зінгерыс. Нямеччына лічыць неабходным весці перамовы з Лукашэнкам пра гуманітарную дапамогу мігрантам, але не прызнаЕ яго ў якасці прэзідэнта – патлумачыў афіцыйны прадстаўнік ўраду Нямеччыны Штэфан Зайбэрт:

«Дзеля таго, каб палепшыць гэтую трывожную гуманітарную сітуацыю для тысячаў людзей, мае сэнс гаварыць з тымі, хто ў Менску можа змяніць становішча, нават калі размова ідзе аб кіраўніку, легітымнасці якога Нямеччына і астатнія еўрапейскія краіны не прызнаюць».

Аб непрызнанні Лукашэнкі ў якасці прэзідэнта заявіў і прадстаўнік службы замежнапалітычнай дзейнасці Еўразвязу Пэтэр Стана. З Лукашэнкам варта размаўляць толькі аб праблемах мігрантаў, адзначыў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Учора сітуацыю на мяжы з кіраўніком беларускага МЗС Уладзімірам Макеем абмеркаваў вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу Жузэп Бурэль.

«Яны адмаўляюць якую-небудзь адказнасць у гэтым пытанні, але імкнуцца адказаць на санкцыі тым, што цяпер у Бруселі называюць гібрыднай агрэсіяй. Гэта не вайна і ня мір, гэта прамежкавая сітуацыя, калі ў якасці зброі выкарыстоўваецца што-небудзь накшталт газу», – мяркуе Жузэп Бурэль.

З Лукашэнкам варта весці перамовы, але як з тэрарыстам – каб уратаваць жыцці захопленых закладнікаў. Але ад гэтага тэрарыст не перастае быць тэрарыстам, мяркуе Уладзімір Астапенка:

«Сёння ахвярамі Лукашэнкі становяцца не толькі беларусы, але і грамадзяне трэціх дзяржаў. У гэтых умовах размовы з ім могуць вырашыць гуманітарныя праблемы, могуць выратаваць жыцці людзей, але гэтыя размовы не вырашаюць базавай супярэчнасці. Базавай праблемы ўнутры беларускага крызісу».

Дзяржава мае права бараніць свае межы і не дапускаць іншаземцаў на сваю тэрыторыю. Аднак выштурхоўваючы мігрантаў, якія ўжо трапілі на тэрыторыю Польшчы, польскія ўлады парушаюць іхнае права на міжнародную абарону, лічыць Кацярына Дзяйкала. Пры гэтым экспертка ў міжнародным праве падкрэслівае, што Беларусь мае большыя абавязкі перад людзьмі, якім выдала візы і падманам зацягнула на сваю тэрыторыю. Прынамсі ўлады абавязаныя…

«Забяспечыць гуманітарны мінімум: цёплы дом, ежу, медычную дапамогу. А далей, калі скончыцца яе віза, у каго яна ёсць, і чалавек не просіць аб статусе ўцекача, і чалавек адмаўляецца ад добраахвотнай рэпатрыяцыі, ён падлягае дэпартацыі. Гэта ўсё павінна быць растлумачана», – падкрэсліла Кацярына Дзяйкала.

Польшча і надалей будзе выконваць свае абавязкі перад Еўразвязам і бараніць сваю мяжу, заявіў сёння прэзідэнт Анджэй Дуда: «Мы папросту рэалізуем свае еўрапейскія абавязкі, і маю надзею, што ўвесь Еўразвяз, усе інстытуцыі Еўразвязу будуць абсалютна і адназначна салідарныя з Польшчай і з нашымі дзеяннямі. Бо мы, яшчэ раз падкрэсліваю, рэалізуем свае абавязкі, якія вынікаюць з сяброўства ў Звязе».

Тым часам Еўразвяз заявіў аб вылучэнні сямісот тысяч еўраў на гуманітарную дапамогу ўразлівым групам людзей, якія захраслі на мяжы.

Антон Каменскі, «Белсат»