«Гэта нават не тэрарызм. Гэта проста забойства»


«Расея і Іран аб’ядноўваюцца, каб разам распаўсюджваць смерць і тэрарызм. Дэмакратычны свет мусіць узʼяднацца, каб перамагчы гэтае зло». Так міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў адрэагаваў на ранішнія атакі Кіева і іншых украінскіх гарадоў іранскімі дронамі-камікадзэ, пастаўленымі на ўзбраенне Расеі. Апроч жылых дамоў, расейскія войскі абстралялі энергетычныя абʼекты, магчымыя адключэнні электрычнасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэта відэа з нагрудных камераў патруля Нацыянальнай паліцыі ў Кіеве. Сёння яны збілі адзін з дзясяткаў іранскіх дронаў-камікадзэ, выпушчаных расейскімі войскамі.

Дроны «Шахед-136», якія ў Расеі называюцца «Герань», маюць малую хуткасць і могуць ляцець нізка, таму іх можна падстрэліць нават з аўтамата. Але Міністэрства ўнутраных справаў просіць грамадзян са зброяй не рабіць гэтага самастойна, каб кулі на злёце нікога не паранілі.

«Усе дроны-камікадзэ, збітыя на гэты момант, ляцелі з паўднёвага кірунку. Паводле папярэдніх падлікаў, як мінімум 85 адсоткаў дронаў знішчана паветранай абаронай і паветранымі сіламі. Таксама далучыліся і іншыя сілы абароны Украіны ды сухапутныя войскі», – распавёў афіцыйны прадстаўнік украінскіх Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат.

У Кіеве іранскімі дронамі расейцы забілі прынамсі 4 асобы, у тым ліку цяжарную жанчыну. Прынамсі 19 чалавек пацярпелі. Пад абстрэл трапілі жылыя дамы. Пры гэтым баражуючыя боепрыпасы білі па тых самых будынках паўторна, калі там працавалі ратаўнікі ДСНС.

«Мы прыехалі, бо мама пазваніла, што яна пад завалам. Што тэрмінова шукай каго, мяне заваліла. Ці ёсць з ёй сувязь? Цяпер ужо няма. І я пытаю і не разумею, ці яе вывезлі ў больніцу, бо кагосьці вывозілі, а невядома каго», – распавяла журналістам жыхарка Кіева Алена Мазур.

Жыхары разбомбленых будынкаў перажылі сапраўдны шок.

«Мы былі ў сваім пакоі, калі пачаліся выбухі. Мы выходзім, а лесвічнай пляцоўкі ўжо няма, суседскую кватэру знесла. Мы ляглі на падлогу. Ратаўнікі прабраліся ў кватэру, прыставілі драбіну і сталі нас спускаць», – кажа жыхар разбомбленага дому Назар.

«Гэта нават не тэрарызм. Гэта проста забойства. Іначай гэта не назавеш ніяк», – кажа сусед Назара Віталій Душэўскі.

Кіеўская гарадская адміністрацыя заклікае жыхароў паведамляць пра рух дронаў-камікадзэ, а пачуўшы характэрны гук рухавіка – хавацца ў сховішчы.

«У нас больш за 200 жылых дамоў знішчаныя атакамі расейцаў. Яны забілі шмат людзей, мірных, нявінных людзей. Вось чаму гэта тэрарыстычныя атакі. Расея – дзяржава-тэрарыст. Нявінных людзей забіваюць штодня, не толькі ў Кіеве, па ўсёй Украіне», – заявіў на месцы абстрэлу мэр Кіева Віталій Клічко.

Апроч таго, расейскія войскі нанеслі ракетныя ўдары па крытычнай інфраструктуры ў Днепрапятроўскай і Сумскай вобласцях.

«Высокадакладнай зброяй вялікай дальнасці паветранага і марскога базавання па абʼектах вайсковага кіравання і сістэме энергетыкі Украіны. Усе прызначаныя абʼекты ўражаныя. У раёне гораду Мікалаеў знішчанае сховішча паліва для вайсковай тэхнікі ЗСУ», – распавёў у штодзённай справаздачы прадстаўнік міністэрства абароны РФ Ігар Канашэнкаў.

Вось гэтыя сховішчы пад Мікалаевым – там быў раслінны алей са сланечніку. У выніку расейскага авіяўдару цыстэрны загарэліся, а калі пажар патушылі, алей працягваў ліцца на вуліцу.

Дзясяткі іранскіх дронаў, скіраваныя сёння расейцамі на Кіеў і іншыя гарады не могуць быць ігнараваныя. Упершыню ў гісторыі стасункаў з Тэгеранам афіцыйны Кіеў заклікаў да антыіранскіх санкцыяў.

«Мы вельмі доўга слухалі розныя тлумачэнні ды аргументы. Але праўды не схаваеш. Гэтая праўда сёння прыляцела ў будынкі гораду Кіева. Таму прыйшоў час задзейнічаць санкцыі супраць Ірану за пастаўкі зброі. Гэтыя санкцыі мусяць стаць сігналам і для іншых краінаў, да якіх Расея цяпер звяртаецца па вайсковую дапамогу. А мы ведаем, што яна гэта робіць», – заявіў падчас саміту Еўразвязу міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба.

У Тэгеране кажуць, што дроны-камікадзэ не іх.

«На жаль, публікуюцца навіны, якія выцякаюць з палітычных мэтаў пад уплывам заходніх медыяў. Як ужо не аднойчы гаварылі, Ісламская Рэспубліка Іран не займае ніякага боку ў вайне між Расеяй і Украінаю. Ісламская Рэспубліка Іран не экспартавала ніякага ўзбраення ніводнаму з бакоў вайны», – заявіў прадстаўнік міністэрства замежных справаў Ірану Насэр Канаані.

Баражуючы боепрыпас, дрон-камікадзэ «Шахед-136» можа несці 50 кг выбухоўкі і праляцець каля 1000 км. Расея магла купіць яго толькі ў Ірана, бо гэта адзіны вытворца.

«Шахед-136 у дастаткова масіраванай колькасці ўжо ўжываецца. І нібыта зробленая замова на 2400 такіх дронаў. Але ў апошні час нібыта адбылася дамоўленасць, і ажыццяўляецца пастаўка новых узбраенняў – ракет балістычных малой і сярэдняй дальнасці, Fateh-110 і Zolfaghar», – звяртае ўвагу Ігар Раманенка, намеснік начальніка Генштабу ЗСУ (2006–2010).

Як паведамляе выведка ЗША, яшчэ месяц таму Тэгеран скіраваў у Маскву чыноўнікаў, каб узгадніць умовы продажу гэтых балістычных ракетаў.

«Fateh-110 – да 300 км, розныя мадыфікацыі. А Zolfaghar да 700 км. Больш за тое, яны кажуць, што калі справы пойдуць так далей, то іранцы змогуць паставіць балістычныя ракеты з дальнасцю 1,5 тыс км, аналаг Х-55», – распавядае Ігар Раманенка.

Еўразвяз і іншыя саюзнікі Украіны паведамілі, што адкажуць на сённяшнія атакі павелічэннем дапамогі Украіне. Рыхтуюцца і новыя пастаўкі сродкаў паветранай абароны.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»