У Лондане развітваюцца з каралевай


Велізарная плынь людзей, якія чакаюць, каб засведчыць сваю пашану каралеве Элізабэт, не змяншаецца ўжо каторы дзень. Паводле падлікаў, кожную гадзіну да чаргі дадаецца каля двух тысячаў чалавек.

Людская грамада прасціраецца на некалькі кіламетраў. Пачынаецца ў Садарк-Парку і рушыць уздоўж паўднёвага берагу Тэмзы.

У сувязі з вялікай колькасцю людзей у Лондане ўскладнены рух транспарту, экстраныя службы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Пажарнікі, напрыклад, уначы раздаюць людзям цёплыя коўдры, гарбату і каву.

Каб падзякаваць за працу гарадскіх службаў, кароль Вялікай Брытаніі Чарлз і прынц Ўільям наведалі працаўнікоў службы экстранай дапамогі ў лонданскім паліцэйскім участку.

Сёння ж на развітанні з каралеваю прысутнічаў прэм‘ер-міністр Канады Жустэн Трудо з жонкаю. Грамадзяне Канады і цяпер лічацца падданымі брытанскай кароны, тут працягваецца дзесяцідзённая жалоба з нагоды смерці Элізабэт, а дзень пахавання будзе выходным.

Жаданне аддаць даніну памяці каралеве аб‘яднала прадстаўнікоў абсалютна розных слаёў брытанскага ды сусветнага грамадства – незалежна ад узросту. Людзі ў чарзе кажуць:

«Каб убачыць каралеву, ускласці кветкі і пакласці мой ліст. Я напісаў, што яна была каралеваю на працягу 70 гадоў, і 2022 год стаў годам, пра які ніхто не забудзе».

«Гэта вельмі эмацыйна. Учора я прыехаў дзеля гэтага з Ёркшыру, з поўначы Англіі, і мы прастаялі ў чарзе ўсю ноч. Так што гэта будзе доўгачакана, але ў той жа час вельмі эмацыйна».

Пасля масавай урачыстай цырымоніі, што мае адбыцца ў панядзелак, Элізабэт будзе пахаваная ў капліцы Святога Юр’я на тэрыторыі Ўіндзарскага замку. У гэтай жа капліцы пахаваныя ейныя блізкія. Запрашэнне на цырымонію атрымалі амаль усе сусветныя лідары, акрамя кіраўнікоў Беларусі, Расеі, Афганістану ды Сірыі.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»