Салідарнасць з «Вясной»


«Варшава далучаецца да міжнароднай кампаніі салідарнасці #Freeviasna. Сёння гадавіна ціску на беларускіх праваабаронцаў. 17-га верасня летась была затрыманая каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова. Пакуль яна ды яшчэ шэсць праваабаронцаў застаюцца ў турмах, іхныя калегі ладзяць акцыі падтрымання па ўсім свеце».

25 гадоў праваабарончы цэнтр «Вясна» абараняе правы чалавека ў Беларусі. Але цяпер яму самому патрэбная дапамога – 7 праваабаронцаў арыштаваныя, астатнія мусілі ўцякаць з краіны. Спыніць пераслед і выпусціць праваабаронцаў з-за кратаў патрабуюць удзельнікі варшаўскай акцыі салідарнасці.«Улады ціснуць на праваабарончы цэнтр «Вясна», на яго сяброў менавіта за праваабарончую дзейнасць, бо мы дапамагаем рэпрэсаваным, збіраем і запісваем факты катаванняў і самае галоўнае – гэта помста цэнтру «Вясна» за тое, што мы назіралі за выбарамі», – адзначыў арганізатар варшаўскай акцыі салідарнасці праваабаронца Зміцер Салаўёў.

Кіеўскую акцыю ў падтрыманне вясноўцаў зладзіла мясцовая арганізацыя Цэнтр грамадзянскіх свабодаў. Яе прадстаўнік, каарданатар кампаніі #BelarusWatch Сяргей Прохараў адзначыў наступнае: «Вельмі важна трымаць у інфармацыйнай павестцы ўвесь той жах, што адбываецца ў Беларусі. Усё ж такі, калі тэма асвятляецца, я сам, як беларус, упэўнены, што гэта стрымлівае рэжым ад яшчэ дзічэйшых дзеянняў».

«Гэта ненармальна, калі праваабаронцаў за падтрыманне іншых людзей саджаюць у турмы. І пра гэта павінен сказаць увесь свет, што займацца абаронаю правоў – гэта ганарова, гэта, наадварот, павінна заахвочвацца, а не карацца як незаконная дзейнасць», – адзначыла выканаўчая дырэктарка Цэнтру грамадзянскіх свабодаў Аляксандра Раманцова.

Акцыі салідарнасці з беларускімі праваабаронцамі адбыліся ў Парыжы, Адэсе, Тбілісі. Не засталася ў баку й Вільня. Удзельнікі віленскай акцыі – самі праваабаронцы і маюць наўпроставае дачыненне да «Вясны».

«Для мяне важна прысутнічаць тут сёння, бо я сам частка «Вясны», для мяне важна ўбачыць сваіх калег тут на плошчы, і яшчэ важней убачыць падтрымку тых людзей, якія нягледзячы на такое надвор’е, прыйшлі сюды, сталі плячом да пляча», – юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

«Правабаронцы – гэта той стрыжань, які ў любой краіне адыгрывае важную ролю, бо яны бароняць правы тут і зараз і кожнага чалавека», – адказала праваабаронца «Вясны» Алена Маслюкова.

«Вельмі важна не даць людзям забыць пра палітвязняў, пра людзей, якія шмат год змагаліся за правы чалавека і якія працягваюць гэтую барацьбу негледзячы на тое, што многім прыйшлося бегчы ад рэжыму. Рабі, што мусіш, і будзь, што будзе», – патлумачыла юрыстка магілёўскага аддзялення «Вясны» Наталля Міхалькова.

Пытанне пераследу беларускіх праваабаронцаў узнялі і ў літоўскім Сейме. Дэпутатка Лайма Андрыкіене ўзяла шэфства над палітзняволеным праваабаронцам Леанідам Судаленкам. Цяпер працэс над ім і дзвюма валанцёркамі «Вясны» ідзе ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля. У закрытым рэжыме.

«Абвінавачваць і караць чалавека за ягоную самую натуральную працу… Ён юрыст і дапамагае пісаць лісты ў Камісію правоў чалавека ААН. Калі б я была юрыстам і жыла ў Беларусі, і людзі мяне прасілі, я б рабіла тое самае», – сказала дэпутатка Сейма Літвы Лайма Андрыкіене.

Цяпер у няволі застаюцца старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка валанцёрскай службы Марфа Рабкова, кіраўнік гомельскай «Вясны» Леанід Судаленка, валанцёры Андрэй Чапюк і Тацяна Ласіца. Ліставанне для іх у СІЗА абмежаванае, належная медычная дапамога адсутнічае, мае месца псіхалагічны ціск.

«І гэтыя акцыі і прэс-канферэнцыя падбадзёрваюць кожнага грамадзяніна Літвы пісаць лісты, паказаць, што мы неабыякавыя, што мы разумеем і бачым, што барацьба працягваецца», – адзначыў палітолаг, кіраўнік літоўскага офісу «Freedom house» Віціс Юрконіс.

Нягледзячы на жорсткі пераслед з боку рэжыму Лукашэнкі, праваабаронцы, якія выехалі за мяжу, працягваюць абараняць правы й свабоды грамадзянаў Беларусі.

Аліна Скрабунова, «Белсат»