Куды знікае цукар?


Салодкае жыццё беларусаў пад пагрозай! З крамаў знікае цукар. Пра гэта «Белсату» паведамляюць жыхары розных гарадоў. Пры гэтым на цукровых заводаў пераконваюць – аб’ёмы вытворчасці не знізіліся, праблемаў з цукрам няма. У чым праблема?

У невялікую харчовую краму ў Воршы цукар не завозяць ужо другі тыдзень. Прадавец крамы ананімна паведаміла: цукру няма на складзе: «Усюды я бачыла, быў цукар, але гэта было тыдні два таму, паўтары. У «Дабраноме» прыбяральшчыца наша кажа, што быў цукар. Невядома, колькі яго засталося».

Пра праблемы з цукрам паведамляюць жыхары Жодзіна, Барысава, Віцебску, Капыля, Смалявічаў і іншых гарадоў. У сеткавых крамах Менску цукар прадаюць з паддонаў.

Аб’ёмы вытворчасці не знізіліся, праблемаў з цукрам няма, запэўніваюць на двух з чатырох цукровых заводаў Беларусі.

«Цукар ёсць у наяўнасці, адгрузка ідзе, згодна з дамовамі. Гэта трэба вам цікавіцца ў вашай гандлёвай сеткі», – адзначылі на Слуцкім цукроварафінадным камбінаце.

На Гарадзейскім цукровым камбінаце запэўнілі: «Нічога не адбываецца. Скончыўся сезон рамонту, пачынаецца сезон перапрацоўкі буракоў. Будзе цукар».

Цукровыя буракі яшчэ дазраваюць на палях, ураджай будзе нядрэнным і цукру хопіць, сцвярджае эксперт па сельскай гаспадарцы, кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі. Паводле яго слоў, толькі ў Магілёўскай вобласці сёлета плошчы пад цукровыя буракі павялічылі на 10 адсоткаў.

«Цукру на сённяшні дзень уласцівыя цэнавыя ваганні на сусветным рынку. І тут цукравытворцы спрабуюць улавіць прымальны для іх кошт і прытрымліваюць цукар як на ўнутраны рынак, тым больш на знешні рынак», – мяркуе Пётр Мігурскі.

Толькі ў жніўні сусветныя цэны на цукар выраслі амаль на 10 адсоткаў, а з пачатку года – на 60 і дасягнулі піку, пачынаючы з лютага 17 года. Цэны выраслі і ў Расеі. А ўлады Беларусі яшчэ ў лютым замарозілі цэны на цукар разам з іншымі сацыяльна значнымі таварамі.

«У Расеі цукар падаражэў, таму ўсё, што назапасілі беларускія вытворцы, яны будуць прадаваць у Расею, а беларусам нічога не застанецца. Яны думаюць, як свае кішэні набіць, а не пра тое, каб быў збалансаваны ўнутраны рынак», – перакананы эканаміст Яраслаў Раманчук.

Ён перакананы, без лібералізацыі рынку нас чакае дэфіцыт цукру . Беларусы выдатна памятаюць, як гэта было ў 2011 годзе.

Тым часам Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Абʼяднаных Нацый у жніўні зафіксавала імклівы рост сусветных цэн на харчовыя тавары, многія з якіх у Беларусі як і цукар пад жорсткім кантролем дзяржавы.

Ігар Станкевіч, «Белсат»